Бясплатная пуцёўка ў санаторый

Важное Сельская гаспадарка

Механізатар ААТ «Рубяжэвічы» Пётр Гурын атрымаў ад Мінскага абласнога абяднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі бясплатную пуцёўку на аздараўленне ў прафсаюзны  санаторый «Буг».

Гэта ўдзячнасць працаўніку вёскі за шматгадовую добрасумленную і плённую працу.  У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, атрымалі такія падарункі шаснаццаць лепшых работнікаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны, у ліку якіх – і наш зямляк. Упершыню ў жыцці Пётр Фёдаравіч правядзе свой водпуск не ў звыклай для яго дамашняй абстаноўцы, а будзе ўмацоўваць сваё здароўе ў адной з лепшых здраўніц рэспублікі.

Тамара Калошыч (справа) і старшыня прафкама таварыства Ірына Кажамяка віншуюць Пятра Гурына

Уручаючы сертыфікат, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч пажадала рупліўцу палеткаў, які ў гэты дзень якраз завяршаў сяўбу яравых збожжавых культур, добрага адпачынку, выдатнага настрою і станоўчых эмоцый.

Пётр Фёдаравіч працуе на сваёй малой радзіме і шчыруе ў таварыстве дваццаць дзявяты год. Ён пастаянна ў перадавіках. За сваю рупнасць і ўменне неаднаразова быў узнагароджаны граматамі і падзячнымі пісьмамі. Пётр Гурын штогод заняты на выкананні розных палявых работ. Вопытнаму механізатару давяраюць самую адказную тэхналагічную аперацыю – сяўбу збожжавых культур. Вось і сёлета дбайны працаўнік якасна і своечасова пасеяў іх на большай частцы запланаванай плошчы, а гэта звыш 300 гектараў. Падчас нарыхтоўкі кармоў механізатар прасуе ў рулоны зялёную масу, а на ўборцы збожжавых – салому. Задзейнічаны і на адвозцы травяных кармоў з поля. Шчыруе таксама на ўнясенні ў глебу арганічных угнаенняў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *