Памяць майго сэрца

Важное Памяць

Прайшло шмат часу, як адгрымела Вялікая Айчынная вайна. Мужнасць і гераізм, стойкасць і адвага былі праяўлены ў гэтай жорсткай барацьбе. Вось ужо 75 гадоў, як наша Беларусь вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць людская зноў і зноў вяртаецца да тэмы вайны. Набліжаецца Дзень Перамогі…

Наша рэдакцыя аб’явіла аб правядзенні акцыі «Беларусь помніць…». Чытаю пісьмы-допісы ўнукаў аб сваіх бабулях, дзядулях, удзельніках вайны. А на вачах маіх таксама слёзы. Ад таго, што пра герояў Вялікай Айчыннай ведаюць, памятаюць, імі ганарацца, а таксама ад таго, што мой бацька Дзікола Леанід Іванавіч таксама быў удзельнікам вайны.

Германія, 1945 год

Прыйшла яму павестка на фронт у пачатку 1943 года, на 18-годдзе. Прызывалі яго са Стаўбцоўскага ваенкамата. Прайшоў вайну да канца і яшчэ два гады служыў у Германіі. Быў разведчыкам, намеснікам камандзіра ўзвода 1956-га знішчальнага танкавага палка. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй». Таксама меў шмат юбілейных узнагарод. Вярнуўся дадому ён толькі ў 1947 годзе. Пасля вайны жыў і працаваў у Вішняўцы, затым – у Стоўбцах.

Па статыстычных даных, у Беларусі ў гады вайны загінуў кожны трэці малады чалавек 1924 года нараджэння. Пра вайну нам, сваім дзецям, унукам, бацька не вельмі хацеў расказваць. Гаварыў: «Хапіла на ўсё жыццё. Не хачу больш перажываць тыя падзеі і прымушаць вас іх перажыць». А калі гаварыў, то заўсёды плакаў. Ён рана пайшоў з жыцця. Вось ужо 40 гадоў, як няма майго бацькі. Шостага мая яму споўнілася б 95 гадоў.

Леанід Дзікола піша пісьмо бацькам

Мой дарагі татачка, мая сям’я ніколі не забудзе аб тым, што ты і мільёны іншых салдат, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай, выратавалі ўвесь свет ад фашызму, каб мы маглі жыць пад мірным небам. Нізкі паклон вам. Сёння хачу сказаць табе, што хоць твае ўнукі, праўнукі цябе не бачылі, але ведаюць пра цябе і пра сваю бабулю і прабабулю ўсё. З якім гонарам твой праўнук Сава нёс твой ваенны фотаздымак падчас акцыі «Бессмяротны полк», з якой годнасцю ўсім гаварыў: «Гэта мой прадзядуля Леанід».

У мінулым годзе я звярнулася ў рэдакцыю сайта «Мемарыял» г. Масквы і атрымала ўсе звесткі пра цябе і твой баявы шлях, з апісаннем подзвігаў, якія ты здзейсніў у гады вайны. Балюча і ганарова. Любім цябе. Памятаем.

Заўсёды 9 мая, у Дзень Перамогі, мы сям’ёй ідзём на могілкі, каб пакланіцца бацькам. Я імкнуся рабіць усё для таго, каб гэтая памяць сэрца жыла і ў сям’і майго сына.

Вечная слава вам, героі Вялікай Айчыннай вайны! Мы, вашы нашчадкі, помнім і ганарымся вамі. Мы працягваем у нашай газеце эстафету памяці сэрца. Пішыце, тэлефануйце, паведамляйце нам аб ваенных гісторыях, якія захоўваюцца ў вашай сям’і. Гэтая нітачка памяці не павінна быць разарвана.

Нэлі АСТРЭЙКА, фота з сямейнага архіва



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *