Стаўбцоўшчына турыстычная

Важное Минщина удивительная

Стаўбцоўскі раён багаты на герояў і легенды. У XIX стагоддзі тут знаходзілася адна з галоўных прыстаняў на Нёмане, развіваліся рамёствы і будаваліся рачныя судны – віціны. Стаўбцоўчшына – радзіма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і знакамітага мовазнаўцы Язэпа Лёсіка. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў фальварку Залучча правёў значную частку свайго жыцця паэт Уладзіслаў Сыракомля. Восем гадоў пражыў у Стоўбцах трэці прэзідэнт Ізраіля Залман Шазар, які ў сваёй аўтабіяграфіі з цеплынёй успамінаў мястэчка. Гэтая зямля натхніла Маякоўскага на стварэнне верша пра пашпарт. Каб зразумець усё аўтэнтычнае хараство прынёманскага краю, тут абавязкова трэба пабываць. Родны кут Якуба Коласа

Музей-сядзіба Якуба Коласа

Класік беларускай літаратуры нарадзіўся ў засценку Акінчыцы, які ў 1977 годзе ўключылі ў межы горада Стоўбцы. Цяпер тут месціцца музей-сядзіба, дзе сабраны арыгінальныя і адноўленыя прадметы побыту, мэбля і адзенне беларускіх сялян. Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Ласток – месцы пражывання Якуба Коласа ў дзяцінстве – увайшлі ў Коласаўскі мемарыяльны заказнік. Цікава, што экскурсіі праводзяць блізкія сваякі паэта: унукі, праўнукі. Гэты маляўнічы куточак Панямоння знаходзіцца за 89 км ад Мінска. Сюды прыязджаў Колас незадоўга да заканчэння свайго жыцця, вясной 1956 года, каб яшчэ раз убачыць родныя мясціны. Сярод усіх мемарыяльных сядзіб найбольшую каштоўнасць на сёння мае Ласток, які захаваў свой першапачатковы выгляд з невялікімі рэстаўрацыйнымі зменамі, у адрозненне ад пабудоў у астатніх трох кропках, якія ўзноўлены па архіўных матэрыялах. Хата і гумно, пабудаваныя ў 1885 годзе, захаваліся тут і сёння.

Зямля старажытных храмаў

Стаўбцоўскі раён багаты на помнікі архітэктуры, якіх налічваецца 18. Большасць з іх – у выдатным стане. Старажытнымі манументальнымі храмамі адметная вёска Новы Свержань. Касцёл Святых Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1588 годзе, сваёй архітэктурай нагадвае невялікі замак. Непадалёк знаходзіцца Свята-Успенская царква, узведзеная ў 1590 годзе, часткова – на падмурку яшчэ больш старажытнага храма. Разам яны ствараюць унікальны для Беларусі ансамбль: адразу два, ды яшчэ ў такім выдатным стане, храмы XVI стагоддзя, якіх у нашай краіне не так шмат. Гісторыя культавых будынкаў не бясхмарная. У савецкія часы ў касцёле зрабілі гнаясховішча, а царква была разрабавана і зачынена.

г. Стоўбцы, кафедральны сабор св. праведнай Ганны 1825 года пабудовы

Адзін з найстаражытнейшых храмаў раёна знаходзіцца і ў вёсцы Дзераўная. Касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі 1590 года – помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу. Тут хрысцілі вядомага рэвалюцыянера  Фелікса Дзяржынскага. Першы старшыня УНК нарадзіўся недалёка – на хутары Дзяржынава. На месцы, дзе раней месцілася сядзіба Дзяржынскіх, створаны мемарыяльны комплекс, які ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Загадка Кромані

Уся паэма Якуба Коласа «Новая зямля» напісана менавіта пра Стаўбцоўскі край. Тут цячэ «бацька Нёман», з якога ў свой час мясцовыя рачныя далікатэсы дастаўлялі на стол нават князям Радзівілам. Частку раёна займае Налібацкая пушча, жамчужына якой – возера Кромань з надзвычай чыстай прэснай вадой і амаль ідэальнай круглай формы берагавой лініяй. Дагэтуль застаецца загадкай, як возера глыбінёй каля 27 м магло ўтварыцца на месцы абсалютна раўніннага лесу. Паводле старажытнай легенды, тут стаяў стары касцёл, які раптам сышоў пад зямлю. І цяпер на гэтым месцы людзі часам чуюць мелодыю званоў, якая даносіцца з дна возера.

Возера Кромань

«Краснокожая паспортина» Маякоўскага

У Стоўбцах знаходзіцца вакзал з багатай гісторыяй . Ён стаў першым будынкам на чыгуначнай лініі Масква – Брэст у далёкім 1870 годзе. Станцыя доўгі час была мытным пунктам паміж СССР і Польшчай: цягнікі спыняліся для праходжання кантролю. Падчас доўгага афармлення дакументаў пасажыры шпацыравалі па горадзе і наваколлі. Так, у горадзе пабывалі многія сусветныя зоркі: прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Энтані Ідэн, першы савецкі чэмпіён свету па шахматах Міхаіл Бацвіннік, рускія пісьменнікі Барыс Пастарнак, Ілля Эрэнбург, Аляксей Талстой, Максім Горкі. Некалькі дзён на станцыі знаходзілася труна апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Менавіта тут паэт-футурыст Уладзімір Маякоўскі, праходзячы мытны нагляд, склаў свой знакаміты верш пра савецкі пашпарт. Пазней савецкі пісьменнік казаў пра стаўбцоўскі вакзал як еўрапейскі знак: «Будынак станцыі Стоўбцы, і чысты выглядам, і белы колерам, адразу даў і Еўропу, і Польшчу. Вось гэта клопат, вось гэта будоўля! Але зараз жа за Стоўбцамі пайшла зноў рухлядзіна – доўгія-доўгія перагоны без жытла і сялян і косыя хаты…»

Сядзібна-паркавы комплекс «Панскі маёнтак «Сула»

Горад Міру

У 2001 годзе Міжнародны Камітэт Міру абвясціў горад Стоўбцы Горадам Міру. Рашэнне аб прысваенні ганаровага статусу належыць вядомаму індыйскаму філосафу і прапагандысту спорту Шры Чынмою. Кожны горад, які атрымаў гэтае званне, уключаецца ў цэлае сузор’е гарадоў Міру (а іх сёння ля тысячы). Апроч таго, такі статус можа прысвойвацца любой тэрыторыі на планеце: прыроднаму ландшафту, аэрапорту ці збудаванаму масту. Прыблізна 140 краін маюць месцы, якім прысвоена гэтае званне.

Са Стоўбцамі цесна звязана дзейнасць паэтаў і драматургаў, вучоных-мовазнаўцаў Каруся Каганца, Язэпа Лёсіка, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны…

На тэрыторыі раёна нарадзіліся: маці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч, бацькі героя грамадзянскай вайны Мікалая Шчорса.

У Стаўбцоўскім раёне налічваецца 113 помнікаў гісторыі і культуры (з іх 23 аб’екты ўключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычных каштоўнасцяў Беларусі), 75 помнікаў воінскай славы, мемарыялаў, брацкіх магіл. На плошчы Бессмяротнасці горада ў брацкай магіле пахаваны 524 воіны і партызаны, якія загінулі ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі раёна.



Tagged

1 комментарий по теме “Стаўбцоўшчына турыстычная

  1. Са Стоўбцамі цесна звязана дзейнасць паэтаў і драматургаў, вучоных-мовазнаўцаў Каруся Каганца, Язэпа Лёсіка, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны…
    А ХТО З ІХ ДРАМАТУРГ?
    З УСІХ «паэтаў і драматургаў, вучоных-мовазнаўцаў» ПРА СТОЎБЦЫ ПІСАЎ ТОЛЬКІ Ул.СЫРАКОМЛЯ, ТАМУ ЛЕПШ ПІСАЦЬ, ШТО «цесна звязана дзейнасць» ІХ НЕ СА СТОЎБЦАМІ, А СА СТАЎБЦОЎШЧЫНАЙ.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *