Афіцэр, гатовы да подзвігу

Ахова правапарадку Главное

Яўгеній Панамарэнка прадстаўлены да ўзнагароды за выратаванне людзей падчас пажару, які адбыўся 28 сакавіка 2019 года  ў п. Наваколасава.

Калі мы зайшлі ў кабінет да старшага лейтэнанта Яўгенія Панамарэнкі, я была вельмі ўражана: на сцяне віселі граматы і медалі, якія 24-гадовы  афіцэр атрымаў за ўдзел у асабіста-камандных чэмпіянатах Узброеных Сіл па пажарна-выратавальным спорце сярод службаў і падраздзяленняў супрацьпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ, а таксама за ўдзел у спаборніцтвах па выжыманні штангі лежачы. Увогуле Яўгеній з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па пажарна-выратавальным спорце, членам зборнай каманды Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У свабодны ад работы час Яўгеній займаецца бодзібілдынгам на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў         г. Стоўбцы. З размовы мы даведаліся аб тым, што Яўгеній родам з Івацэвічаў Брэсцкай вобласці, скончыў ДУА «Універсітэт грамадзянскай абароны» МНС Беларусі (былы Камандна-інжынерны інстытут МНС) і быў размеркаваны ў в/ч 25819 п. Наваколасава.

Асноўная мэта нашай творчай камандзіроўкі – расказаць пра мужныя паводзіны афіцэра падчас ратавання людзей на пажары, што не абышло ўвагай і рэспубліканскія СМІ.

Успамінаючы падзеі, Яўгеній адзначыў наступнае:

– Ідучы па службовых пытаннях у штаб, я пачуў крыкі аб дапамозе і заўважыў дым, які ішоў з кватэры на другім паверсе дома насупраць вайсковай часці. Падбег да пажарнага дэпо і аб’явіў трывогу, а сам кінуўся на ратаванне людзей, таму што неабходна было неадкладна рэагаваць на сітуацыю.

У першую чаргу ўспомніў аб тым, чаму мяне вучылі ва ўніверсітэце. Забегшы ў пад’езд, пачаў крычаць, што ў доме пажар і ўсім  жыльцам неабходна  пакінуць кватэры. Галоўнае – гэта жыццё і здароўе людзей. Трэба было ўсім эвакуіравацца. Падняўшыся на другі паверх, зайшоў у кватэру, адкуль ішоў едкі дым. Ён засцілаў вочы. Амаль навобмацак я знайшоў 37-гадовага мужчыну, які ляжаў  паўнепрытомна. Вывеўшы яго на лесвічную пляцоўку, раскатурхаў і спытаўся, ці ёсць яшчэ людзі ў кватэры. Удакладніўшы, што там  больш нікога няма, перадаў мужчыну пажарна-разліковай камандзе. Пакуль старшы лейтэнант ратаваў чалавека, яго асабісты састаў па трохкаленнай лесвіцы з балкона эвакуіраваў сям’ю  з дваімі дзецьмі,  2016 і 2017 гадоў нараджэння. Жанчыну шпіталізавалі адразу ж.

– Калі апынуўся на вуліцы, – расказвае Яўгеній, – то  пачуў, што на другім паверсе ў  суседняй кватэры, якая зачынена, знаходзіцца дзевяцігадовая дзяўчынка. Разважаючы аб тым, што задымленне вялікае і адшукаць дзіця ў кватэры будзе вельмі цяжка, вырашыў выкарыстаць дыхальны апарат са сціснутым паветрам. З дапамогай яфрэйтара Уладзіміра Смалея выбілі дзверы. Параніў руку, але адразу болю не адчуў. Калі апынуўся ў кватэры, то  з ліхтаром  шукаў па ўсіх пакоях, але з першага разу дзяўчынку не знайшоў. Шукаў усюды: у шафе, пад ложкамі, а затым, апынуўшыся ў дзіцячым пакоі, убачыў, што дзяўчынка стаіць пасярэдзіне яго  і плача, пытаючыся  пра бацькоў. Вынес дзіця на вуліцу, там ужо чакаў бацька.

– Што вы адчувалі, калі ратавалі людзей, ці разумелі, што там пагроза і для вашага жыцця?

– Аб сваім жыцці не хваляваўся. Дзеянні былі ўсвядомленыя, канкрэтныя. Не было сумненняў. Ратаваў людзей і адначасова ставіў задачы асабістаму саставу, выконваў свае абавязкі.

– Як вы думаеце, ці кожны чалавек адважыўся б на выратаванне людзей падчас пажару? Ці можна лічыць вашы дзеянні подзвігам?

– Як афіцэр Узброеных Сіл і  грамадзянін я выконваў свой абавязак. Ратаваў людзей у першую чаргу не як начальнік пажарнай каманды, а як чалавек, які павінен па доўгу сэрца прыйсці на дапамогу. Лічу, што кожны з нас, хто ў пагонах, павінен быць прыкладам для іншых.

– Якія планы на будучыню, ці звяжаце вы сваё жыццё са службай ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь?

– Мне засталося служыць па кантракце паўтара года,  далей мяркую перайсці ва ўпраўленне супрацьпажарнай абароны.

Калі наша размова падыходзіла да завяршэння, афіцэр падкрэсліў, што, нягледзячы на прафілактычную работу,  якая праводзіцца ў раёне,  пры ўзнікненні рэальнай пагрозы людзі пачынаюць панікаваць і губляцца, забываюцца пра нумар пажарнай службы 101.

Развітваючыся з Яўгенам, думаю аб тым, што ў жыцці кожнага чалавека ёсць месца для подзвігу. І няхай для кагосьці гэта толькі воінскі абавязак, але выканаць яго вось так мужна – афіцэрскі гонар.

Учынак Яўгенія Панамарэнкі – добры прыклад для выхавання маладога пакалення.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *