У Драздах чакаюць капрамонту

Важное Эканомiка

Трапіць пабочнай асобе на комплекс водазабеспячэння «Водазабор Альхоўка», які адносіцца да аб’ектаў строгага санітарнага кантролю, не так і проста. Але, калі я папала туды, мяне не пакідала ўражанне, што знаходжуся на караблі. У вялікім памяшканні станцыі другога пад’ёму – адразу некалькі ўзроўняў, навокал – мноства  абсталявання. Каб падысці да яго, трэба спусціцца, так бы мовіць, з «палубы». Праўда, вады нідзе не бачна – яна схавана ў трубаправодах, а яе плёск замяняюць гукі работы помпаў.

– З кожным годам рэалізацыя вады ў горадзе змяншаецца, – акрэслівае тэндэнцыю намеснік дырэктара УП «Стаўбцоўскае АКС» па водаканалізацыйнай гаспадарцы Андрэй СУДНІК і тлумачыць: – Прадпрыемствы-спажыўцы імкнуцца ўкараняць сучаснае абсталяванне, накіраванае на эканамічны расход вады.

Аднак нядаўна ў Стоўбцах з’явіўся новы прамысловы водаспажывец – прадпрыемства «Сула Плюс». Больш таго, з ім у АКС склалася ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва: «Сула Плюс» у якасці спонсарскай дапамогі паставіла на ачышчальныя збудаванні ў Заямным «паветрадуўку».

Андрэй Суднік адказвае за функцыянаванне водаканалізацыйнай гаспадаркі ў раёне

– Андрэй Станіслававіч, АКС апошнім часам уклаў у ачышчальныя збудаванні і шмат уласных сродкаў. Што змянілася?

– Пачысцілі адну з ліній ачысткі. Адрамантавалі тэхналагічнае абсталяванне. Ажыццяўляем рамонт бытавых і вытворчых памяшканняў. Усе работы, заўважу, выконваем сваімі сіламі. Набылі ў лізінг некалькі помпаў вялікай магутнасці для галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі і іншых «кэнээсак» (іх у нас 12). У бягучым годзе плануем купіць аўтамабіль для ачысткі каналізацыйных адстойнікаў ад глею. Пакуль у гэтым плане мы звяртаемся да паслуг іншых арганізацый. Не зусім зручна і, да таго ж, накладна. Калі займеем сваю тэхніку, то зможам таксама аказваць паслугі па ачыстцы каналізацыйных адстойнікаў насельніцтву.

– У бягучым годзе на змену праграме «Чыстая вада» фактычна прыйшла доўгатэрміновая праграма «Камфортнае жыллё» на 2019–2025 гады, дзе адзін з падраздзелаў датычыць развіцця водаправоднай гаспадаркі. Якія аб’екты намечаны на 2019 год?

– Прадугледжана, што з абласнога бюджэту будуць выдзелены 95 тысяч рублёў на капрамонт водаправодных сетак у Драздах (працягласць – каля двух кіламетраў) і артсвідравіны ў Мікалаеўшчыне. Разлічваем і на сродкі мясцовага бюджэту. За іх запланавана пабудаваць станцыю ачысткі вады ў жылым пасёлку ДБУ-29. Адносна гэтага аб’екта распрацоўваецца дакументацыя. Акрамя таго, у бягучым годзе пачнём афармляць дакументы для праектавання станцый абезжалезвання вады ў Рубяжэвічах і Вішняўцы. Тэрмін іх будаўніцтва – 2020 год. Станцыі абезжалезвання, як правіла, – модульныя. Яны хутка ўзводзяцца, але патрэбен час на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі.

Панарама гарадскога водазабора

– Водаканалізацыйная гаспадарка АКС не толькі актыўна мадэрнізуецца. Плануецца яе расшырэнне за кошт прыёму на баланс свідравін і сетак на вёсцы. Большасць іх – састарэлыя і патрабуюць значных укладанняў. Як будзеце вырашаць праблему іх бесперабойнага функцыянавання?

– Першае патрабаванне да сельгаставарыстваў пры перадачы сетак і аб’ектаў на наш баланс – наяўнасць пакета дакументаў. На цяперашні момант у гэтай рабоце выйшлі на высокую ступень гатоўнасці ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Жацерава», Хатаўскі спіртавы завод. Што неабходна ведаць людзям, да якіх вада паступае па састарэлых сетках? Раней мы практыкавалі будаўніцтва новых водаправодаў з долевым удзелам насельніцтва. У сувязі са зменамі ў заканадаўстве цяпер будаўніцтва ажыццяўляецца выключна за сродкі ўласніка. Гэта значыць, людзям самім трэба клапаціцца. На ўласніку, нагадаю, ляжыць і адказнасць за ўвод водаправода.

Выкананне рамонтных работ на сетках па-ранейшаму застаецца за камунальнікамі. Сродкаў у прадпрыемства для гэтага недастаткова, таму разлічваем таксама на ўдзел насельніцтва. Летась у раёне было перакладзена больш за 2 км праблемных участкаў водаправода, у тым ліку ўчастак да рубяжэвіцкай бальніцы.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *