Дзеці адказваюць любоўю

Адукацыя Важное

Наталля Беляковіч у Дзераўнянскай сярэдняй школе адна з тых настаўнікаў у штаце, хто з’яўляецца выпускніком гэтай навучальнай установы. У адносінах да яе працоўнай біяграфіі ёсць такі цікавы факт. Яна пачынала сваю педагагічную дзейнасць у Пінску. Аднак потым вырашылі з сям’ёй вярнуцца на сваю малую радзіму.

Настаўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі ўпэўнена адчувае сябе ў сваёй прафесіі, паспяхова рэалізуе новыя педагагічныя тэхналогіі, асабліва праявіла сябе ў рэалізацыі адукацыйнага праекта «Крок за крокам». Даная тэхналогія скіравана на арганізацыю вучэбнага працэсу ў цесным кантакце з сем’ямі вучняў. І гэта дае вельмі добры плён. Наталля  Уладзіміраўна стала ініцыятарам стварэння «Клуба татаў», які дэманструе цікавыя напрамкі работы і падымае прэстыж таты ў выхаванні дзяцей.

У гэтым навучальным годзе ў Наталлі Беляковіч – выпускны чацвёрты клас. Як заўсёды, ёй будзе вельмі сумна развітвацца са сваімі гарэзлівымі, разумнымі, шчырымі, добрымі вучнямі. Гэты яе клас адметны тым, што ў ім 14 хлопчыкаў і толькі 5 дзяўчынак, што фарміруе асаблівую атмасферу. Наталля Уладзіміраўна дае сваім няўрымслівым вучням свабоду ў той меры, у якой яна будзе карысная для станаўлення іх асобы і працэсу авалодвання праграмай. І на гэтую любоў дзеці адказваюць настаўніцы сваёй любоўю. Як будзе складвацца іх далейшы лёс, Наталля Уладзіміраўна можа прасачыць на працягу іх вучобы ў сярэдняй школе і ў старэйшых класах, даць ім парады, падтрымаць, парадавацца іх поспехам.

А потым яе ўдзячныя выпускнікі, як паказвае практыка (гэта ж не першы яе выпуск), будуць трымаць цесную сувязь са сваёй першай настаўніцай, якая дапамагла ім выбраць у такой няпростай нашай сучаснасці самае добрае, светлае, разумнае, патрэбнае і пакласці гэта ў фундамент свайго дарослага жыцця, каб стаць карыснымі для грамадства людзьмі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *