На ўвесь двор – ні лісточка, ні кусточка

Соцыум

Гэта не датычыць двароў дамоў ЖБК «Завадчанка», «Бярозка-90», «Стоўбцы-1», «Стоўбцы-3»

У так званым спальным мікрараёне Стоўбцаў стаяць побач вышынныя дамы-«каробачкі», вельмі падобныя адзін на другі. Аднак адрозніваць іх могуць дваровыя тэрыторыі. На некаторых сапраўды пачата стварэнне прывабнай зялёнай прасторы з дрэўцаў і клумбаў. Каля большасці ж, на вялікі жаль, – пустыр, ні лісточка, ні кусточка, хоць дамы і пабудаваны тры-пяць гадоў таму. Нярэдка нейкая парачка кустоў ці туек аздабляе тэрыторыю перад домам, а за домам – адна трава. Няўжо жыльцы супраць дрэў і кустоў у сваіх дварах?..

Зразумела, не, бо добраўпарадкаванне і аздабленне дваровай тэрыторыі кустамі, дрэвамі і кветкамі надае ёй прыроднай свежасці і чыстай энергіі, якой якраз і не хапае гарадскому жыхару. Пра кветкі казаць яшчэ ранавата, а вось пра азеляненне з дапамогай кустоў і дрэў – самы час. Колькі іх высаджана сёлетняй вясной? Гэта мы і паспрабавалі высветліць з намеснікам начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Любоўю Жыбуль падчас знаёмства з дварамі дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў.

Прыемна здзівілі сваёй зялёнай ініцыятывай жыльцы дома ЖБК «Завадчанка» (вуліца Цэнтральная, 8-а). Абодва карпусы дома абсаджаны па перыметры дрэвамі і дэкаратыўнымі кустамі. Сярод іх, відавочна, ёсць і свежыя насаджэнні. «Сёлета ў нас ужо быў суботнік, высадзілі 20 сасонак і пяць бярозак. Дабавім яшчэ пяць ліпак, – вядзе падлік старшыня кааператыва Ганна Сасноўская і ўдакладняе: – Кожны год нешта ў сваім двары падсаджваем».

Зялёным убраннем вылучаецца тэрыторыя дома ЖБК «Завадчанка»

Пра грунтоўны падыход сведчыць і тое, што старшыня «Завадчанкі» – у ліку нямногіх, хто распрацаваў і ўзгадніў схему дваровых пасадак і ажыццяўляе іх у адпаведнасці з планам. Пасадачны матэрыял набываюць за ўласныя сродкі.

Адносна дваровых тэрыторый Любоў Жыбуль заўважае:

– У бягучым годзе акцэнтуецца ўвага не толькі на навядзенні парадку, але і на азеляненні двароў. Гэтая работа разлічана не на год. Кіраўніком краіны пастаўлена задача азелянення не менш чым 40 працэнтаў плошчаў у дварах. Каб падштурхнуць ініцыятыву, у Стоўбцах аб’яўлены конкурс на добраўпарадкаванне двароў сярод жыльцоў шматкватэрных дамоў, якія знаходзяцца на балансе АКС. Прадпрыемствы ўносяць уклад у азеляненне сваіх тэрыторый і прылеглых да іх, замацаваных за імі. Так,  на вуліцах Міру і Ленінскай падчас раённага суботніка ПМК-233 і Стаўбцоўскай ПМК былі высаджаны міні-парк і алея.

Каля дома ЖБК «Бярозка-90» высаджаны не толькі бярозкі

У ходзе знаёмства мы бачым, што ў  «Завадчанкі» ёсць дастойны сапернік – ЖБК «Бярозка-90» (вуліца Міру, 16/1). У даным выпадку тэрыторыя паміж двума шматкватэрнымі дамамі немалая, але на ёй папрацавала гаспадарская рука. Многія зялёныя зоны акультураны, у тым ліку самшытам, ядлоўцам казацкім – тымі вечназялёнымі кустамі, якія радуюць вока ў любую пару года і пры гэтым не патрабуюць асаблівага догляду. Арганізаваны паліў свежых пасадак.

Алея жыльцоў дома ЖБК «Бярозка-90»

Перад домам па вуліцы Міру, 14 (ЖБК «Стоўбцы-1») кідаюцца ў вочы дэкаратыўныя кусцікі і вольны «трохвугольнік» паміж пешаходнымі дарожкамі, на якім разбіта клумба. Шмат насаджэнняў каля дома па вуліцы Міру, 9 (ЖБК «Стоўбцы-2»). Асобна варта вылучыць жыльцоў пад’ездаў №№ 4, 3 і 2, каля якіх зроблены клумбы і высаджана жывая агароджа. Іншым жыльцам гэтага дома, у якіх пакуль проста газон, таксама трэба цягнуцца за суседзямі. І гэта датычыць не толькі названага дома.

Паміж пешаходнымі дарожкамі жыльцы дома ЖБК «Стоўбцы-1» разбілі клумбу

Нярэдка сустракаем, што пад вокнамі шматпавярхоўкі сядзіць сярод травы адзінокая туйка – нечый асабісты ўклад у азеляненне. А чаму б і суседзям па пад’ездзе не выкарыстаць гэты прыклад і не стварыць для туйкі «кампанію»? Стоўбцы – гэта невялікі гарадок, і ў нас няма такога, што сусед суседа зусім не ведае. А ўвогуле старшыням кааператываў неабходна актыўней працаваць з людзьмі, так бы мовіць, знаёміць іх і аб’ядноўваць падчас суботнікаў.

Пустынны і аднастайны краявід характэрны для многіх дваровых тэрыторый Стоўбцаў

Сярод характэрных недахопаў варта назваць не толькі дэфіцыт «свежых» зялёных насаджэнняў у шматпавярховым жылым мікрараёне. Узнікаюць пытанні і наконт таго, якім чынам робяцца пасадкі. Зразумела, што жыльцы не ландшафтныя дызайнеры (садзяць і падсаджваюць насаджэнні хто як можа і разумее), але ў гэтым працэсе ўсё-такі павінен быць адзіны падыход. Нельга забываць пра ранейшыя пасадкі, якія маюць патрэбу ў своечасовай абрэзцы, прарэджванні і ажыццяўленні іншых відаў догляду (не засталося незаўважаным, што жыльцы ЖБК «Мара» (вуліца Цэнтральная, 7) пабялілі дрэўцы перад сваім домам). Каля дамоў, дзе растуць старыя вялікія дрэвы, хацелася б бачыць і новыя пасадкі, маладую змену.

Уявіце, якім быў бы спальны мікрараён Стоўбцаў, калі б кожны з яго жыльцоў пасадзіў сваё дрэўца і хоць трохі паклапаціўся пра яго?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *