Колькі ў Стоўбцах святлафораў

Ахова правапарадку Важное

Гэтае пытанне адрасаваў стаўбцоўскім гімназістам намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Мінаблвыканкама Міхаіл Акуліч. І невыпадкова. Апынуўшыся ў адмысловай  фотазоне, створанай гімназістамі на базе СШ № 3 г. Стоўбцы, ён выказаў захапленне творчым падыходам школьнікаў да пытанняў дарожнай бяспекі.

У фотазоне – імправізацыя праезджай часткі са святлафорам і дарожнымі знакамі, службовым аўтамабілем ДАІ. У ролі юных інспектараў дарожнага руху выступілі дзевяцікласніцы Яна Дзям’янка і Дар’я Ненадавец. Разам з імі, як заўсёды, іх настаўнік па асновах бяспекі жыццядзейнасці Леанід Нарановіч. Артдызайнерамі гэтай фотазоны педагог назваў сваіх калег – Вольгу Губанаву і Людмілу Назаранку.

У адмысловай фотазоне працавалі юныя інспектары дарожнага руху Яна Дзям’янка і Дар’я Ненадавец разам з педагогам Леанідам Нарановічам

У эксклюзіўным інтэрв’ю для раённай газеты Міхаіл Акуліч зазначыў:

– На такое мерапрыемства мы збіраемся чатырнаццаты раз. Гэта гаворыць пра сістэмнасць у прафілактычнай рабоце, пра тое, што ў даны рух уцягнута вялікая колькасць дзяцей. Яны вывучаюць правілы дарожнага руху, адкрываюць для сябе шмат новага і – немалаважна – замацоўваюць гэтыя правілы разам са сваімі бацькамі. Мяркуючы па абстаноўцы на дарогах, відавочны поспех той работы, якую ДАІ праводзіць сумесна з установамі адукацыі. Спадзяёмся, што веды аберагуць дзяцей ад непрыемных сітуацый, што яны будуць памочнікамі ДАІ.

– Міхаіл Аляксандравіч, якраз сёння (размова адбывалася 29 сакавіка. – Т. П.) у раёне праходзіць Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ выступаюць у працоўных калектывах, каб нагадаць у тым ліку пра тое, што абстаноўка на дарозе залежыць ад кожнага з нас. Дзецям патрэбна бачыць ад нас, дарослых, прыклад дысцыплінаванасці на дарозе.

– Сапраўды, многія думаюць, што аварыі на дарозе з удзелам дзяцей адбываюцца  з-за таго, што хлопчыкі і дзяўчынкі перабягаюць праезджую частку ў неўстаноўленым месцы або едуць на веласіпедзе з парушэннем правілаў дарожнага руху. Гэта не зусім так. У мінулым годзе на тэрыторыі Мінскай вобласці загінулі восем дзяцей. Усе яны знаходзіліся ў аўтамабілі ў якасці пасажыраў. Віна ляжыць на бацьках-вадзіцелях, адказных за бяспечную перавозку дзяцей у аўтамабілі.

Намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Мінаблвыканкама Міхаіл Акуліч адказаў на пытанні газеты

– Вам падабаюцца формы прафілактычнай работы з дзецьмі ў школе?

– Работа з дзецьмі праводзіцца ў займальнай форме. Яна гульнявая, патрабуе імправізацыі і ўважлівых адносін, у тым ліку далучэння бацькоў. Паглядзіце, якая прыгожая дзяўчынка ў касцюме святлафора перад намі! Само дзіця наўрад ці яго зробіць. Упэўнены, што  яму дапамагалі бацькі і аднакласнікі, педагогі. Хочацца падзякаваць за работу тым, хто ўносіць значны ўклад у выхаванне законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху. Будуць развівацца і працягвацца алімпіяды па правілах дарожнага руху сярод школьнікаў. У гэтым мы бачым перспектыву.

– Дзякуй.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *