Поплеч з лясніцтвам

Главное Год малой родины

Размова старшыні Рубяжэвіцкага сельвыканкама Паўла Карніцкага (справа) з ляснічым Рубяжэвіцкага лясніцтва Яцэкам Покам аб добраўпарадкаванні

Вясной у сельсаветах – непачаты край работы. У Рубяжэвіцкім – 33 населеныя пункты і 20 могілак. Планава ідзе вялікая праца па навядзенні парадку.

Старшыня сельвыканкама Павел Карніцкі не проста расказвае аб гэтым, а паказвае, што ўжо паспелі зрабіць у аграгарадку Рубяжэвічы за час праведзеных вясновых суботнікаў.

Прывабны свежы выгляд мае лесапаласа ў населеным пункце. Тут шчыра папрацавалі работнікі Рубяжэвіцкага лясніцтва. У адносінах да гэтай арганізацыі Павел Зянонавіч сказаў нямала добрых слоў. Ляснічы Яцэк Пока ніколі не адмовіць мясцовай уладзе аказаць дапамогу, калі патрэбны майстэрства леснікоў, іх тэхніка, абсталяванне. Сёлета работнікі лесу з кустарэзамі, піламі папрацавалі на могілках у Татаршчыне, Рубяжэвічах, Засуллі, дзе наведзены належны парадак. Гэта радуе вяскоўцаў, ды і старшыню сельвыканкама. У мінулым годзе такі ж вялікі аб’ём работ быў выкананы на могілках у Вялікіх Навіках. З дапамогай работнікаў лясніцтва ідзе ўборка вялікіх струхнелых дрэў – тут патрэбны ўмельства і захаванне тэхнікі бяспекі. Такое ўзаемадзеянне з лясніцтвам – вялікая падтрымка мясцовай уладзе ў ажыццяўленні намечаных праектаў па навядзенні парадку ў населеных пунктах.

Павел Карніцкі дзеліцца з намі сваёй радасцю, што і ў аграгарадку Засулле шмат выканана па добраўпарадкаванні. У першую чаргу, пасаджаны алеі дрэў – уздоўж вуліц Школьнай і Дружнай, у Зарэччы – на вуліцы Маладзёжнай. Саджанцы ліпы паставіў Стаўбцоўскі лясгас, аказаўшы такую спонсарскую дапамогу. Маладыя дрэўцы возьмуцца ў сілу і абновяць зялёныя насаджэнні наваколля.

Вясновыя суботнікі ў сельвыканкаме працягваюцца. На адным з іх ажыццёўлена работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля помніка загінулым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Засулле. Спонсарскую падтрымку аказалі выхадцы з данага населенага пункта. Гэта добрая падрыхтоўка да свята Вялікай Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *