У Стоўбцах прайшоў раённы этап конкурсу «Сэрца аддаю дзецям»

Адукацыя Важное

Выхаванцы дома сямейнага тыпу Васільевых

Раённы цэнтрт творчасці дзяцей і моладзі прыняў замяшчальныя семі, якія падрыхтаваліся паўдзельнічаць у раённым этапе конкурсу «Сэрца аддаю дзецям».

У конкурсе прынялі ўдзел шэсць прыёмных сем’яў і дзіцячы дом сямейнага тыпу. Перад пачаткам конкурснай праграмы ўдзельнікі прадставілі эмблемы конкурсу «Сэрца аддаю дзецям».

Любы конкурс – гэта работа творчая, напружаная не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы. Ацэньвалі конкурсныя заданні індывідуальны прадпрымальнік Юлія Нядведская, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Іна Гапановіч, навучэнец Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Сяргей Адамовіч.

Удзельнікі прад’явілі прэзентацыю сваёй сям’і, сачыненне замяшчальных бацькоў «Як я прыйшоў у прафесію», прадстаўленні «Кнігі жыцця выхаванцаў» і выставу творчых работ. Усё было падрыхтавана на высокім узроўні.  Выдатныя выставы зрабілі сем’і С. В. Шайновай, В. М. Гірко, Т. В. Каспяровіч, К. Р. Васільевай. Арыгінальна прадставілі эмблему конкурсу сем’і Т. В. Васілеўскай, С. Ю. Раманейка. Сачыненне «Як я прыйшоў у прафесію» найбольш кранальным атрымалася ў В. І. Сергіевіча і К. Р. Васільевай.

Творчыя нумары былі выкананы Алінай Кутас, Аляксандрай Гірко, Руфінай і Авігеяй Сергіевіч, Людмілай Васільевай і Аляксандрам Сніцэрам. Юныя артысты чыталі вершы, ігралі на музычных інструментах, выконвалі песні. Вольга Гірко ў працэсе конкурсу склала верш, прысвечаны ўсім матулям.

Для ўдзельнікаў конкурсу – дарослых і дзяцей – быў накрыты салодкі стол са спонсарскай дапамогай індывідуальнага прадпрымальніка А. А. Сазона.

Першае месца прысуджана дзіцячаму дому сямейнага тыпу Васільевых, другое – прыёмнай сям’і В. І. Сергіевіч, трэцяе – прыёмнай сям’і В. М. Гірко.

Усе сем’і атрымалі падарункі – сертыфікаты для наведвання басейна ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, падарункавыя сертыфікаты ў магазін цацак ад Юліі Нядведскай. Кацярына Васільева атрымала запрашальны білет на канцэрт Трафіма ад раённага Цэнтра культуры.

Алена ГАМЗА, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *