У сугучнасці з ноткамі роднага краю

Культура

У мінулую суботу 18 народных і ўзорных калектываў мастацкай самадзейнасці  Стаўбцоўшчыны паспяхова пацвердзілі свае званні падчас 19-га абласнога агляду.

Экзамен на майстэрства здавалі харэаграфічныя, музычныя і вакальныя калектывы школ мастацтваў і ўстаноў культуры раёна. На агляд імі была падрыхтавана канцэртная праграма, якая дазволіла ва ўсёй красе паказаць адметнасць гуртоў.

На сцэне Наваколасаўскага, Старасвержанскага і раённага цэнтраў культуры ігралі народныя інструментальныя ансамблі «Кругліца» , «Славяначка», спявалі народныя хоры «Нёман», «Панямонь»,  «Журавы», вакальныя калектывы  «Святлана», «Берагіня», «Дольніца». Узорныя калектывы былі прадстаўлены духавымі аркестрамі «Няшота», «Васількі», «Кромань», ансамблямі «Каласкі», «Феерыя», харэаграфічнымі гуртамі «Лявоначкі», «Гарошынка», песеннымі калектывамі «Жавароначкі», «Вясёлы падворак», эстраднай студыяй «Арыенцір».

Узначальвала камісію першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок. У складзе камісіі былі спецыялісты Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на чале з яго дырэктарам Ірынай Пазняк. А майстэрства духавых аркестраў акрамя названых спецыялістаў ацэньвала і камісія ў складзе народнага артыста Рэспублікі Беларусь, дацэнта Беларускай акадэміі музыкі Міхаіла Берсана, начальніка ваенна-аркестравай службы Беларусі Мікалая Касцючэнкі. Высокую ацэнку атрымала выступленне ўзорнага духавога аркестра «Васількі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. У складзе аркестра – 45 дзяцей ва ўзросце 10-13 гадоў. На розных духавых інструментах іграюць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. З кастрычніка дырыжорам аркестра назначаны выкладчык школы мастацтваў Раман Бець. За гэты кароткі час Раман Вітольдавіч сумеў плённа папрацаваць з малымі дзецьмі і вывесці калектыў на высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, што і было пацверджана членамі аглядавай камісіі. Адметна, што на сцэне з канцэртнай праграмай выступіў і духавы аркестр «Няшота» раённага Цэнтра культуры, у якім іграюць музыкі ва ўзросце 14-18 гадоў – вучні школы мастацтваў і студэнты. Дырыжорам гэтага маладзёжнага складу аркестра з’яўляецца выкладчык школы Уладзімір Сошка. Як бачым, для заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь духавога аркестра «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкім кіраўніком і дырыжорам якога з’яўляецца загадчык аддзялення духавой музыкі Аляксандр Нічыпаровіч, падрастае дастойнае папаўненне.            

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *