Насустрач дзіцячым душам

Адукацыя Нумары

У сакавіку чацвёрты раз у нашым раёне праводзіўся  Тыдзень праваслаўнай кнігі. Ён дае магчымасць прыцягнуць увагу грамадскасці да найвялікшай скарбніцы – кніг, якія нясуць святло дабра і духоўнасці.

Адметна і змястоўна праходзяць мерапрыемствы духоўна-асветніцкага Тыдня ў раённай дзіцячай бібліятэкі. На сустрэчу з вучнямі гарадскіх школ кожны год запрашаюцца свяшчэннаслужыцелі Стаўбцоўскага благачыння. Настаяцель Стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага прыхода протаіерэй Віталій Шаркоў не адзін раз быў госцем Тыдня праваслаўнай кнігі.

Сёлета адбылася яго веранавучальная сустрэча з вучнямі чацвёртых класаў стаўбцоўскай гімназіі № 1 і іх настаўнікамі Аленай Рандзюк і Святланай Міловай.

Айцец Віталій расказаў дзецям пра самую галоўную кнігу – Біблію. З сабою ён узяў Свяшчэннае Пісанне на царкоўнаславянскай мове. Прыгожае афармленне, старонкі, абведзеныя рамкай, «буквіцы» ў пачатку абзацаў і таямнічыя літары выклікалі ў вучняў інтарэс да гэтай вечнай Кнігі кніг, якая нясе жывое слова Божае новым і новым пакаленням. Айцец Віталій расказаў вучням пра кнігі Новага Запавету, падрабязна спыніўся на Евангеллі. Гаварыў аб тым, які след у душы чалавека можа пакінуць друкаванае духоўнае слова, якую невычарпальную крыніцу мудрасці і дару Божага ўяўляе сабою праваслаўная кніга.

Вучні таксама рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. Іх настаўнікамі была падабрана выдатная літаратура. Яны вывучылі і вельмі кранальна, душэўна прачыталі вершы аб веры, аб прыгожых царкоўных святах, аб хрысціянскім стане душы.

З вялікім уменнем апавядаць дзіцячай аўдыторыі бібіятэкар Алена Асаёнак звярнула ўвагу вучняў на галоўныя моманты Свяшчэннай гісторыі. Дзеці  актыўна адказвалі на пытанні, успаміналі, што яны ведаюць аб нараджэнні Іісуса Хрыста, аб Дабравесці Прасвятой Багародзіцы.

Да гэтай сустрэчы бібліятэкары падрыхтавалі прыгожую выставу духоўна-асветніцкіх кніг з фондаў бібліятэкі. Бібліятэкар Яніна Дрозд зрабіла падрабязны агляд кожнага выдання. Расказала аб кнігах духоўна-маральнай тэматыкі, якімі могуць карыстацца школьнікі ў вучэбна-даследчай дзейнасці, падрыхтоўцы да конкурсаў і проста для дамашняга чытання. Яніна Іосіфаўна звярнула ўвагу дзяцей і настаўнікаў на  кнігі,  зарыентаваныя на школьны ўзрост, паказала, як выдатна яны аформлены, з прыгожымі ілюстрацыямі. На паліцах былі і выданні выдавецтва Беларускага Экзархата, аўтарамі ці складальнікамі якіх з’яўляюцца свяшчэннаслужыцелі Стаўбцоўскага благачыння. Найперш, гэта выдатныя падарункавыя выданні «Праваслаўныя святы» і «Дарогамі праваслаўнай Беларусі», складальнік якіх – настаяцель Свята-Георгіеўскага прыхода пасёлка  Наваколасава іерэй Сергій Бегіян. Протаіерэй Віталій Шаркоў напісаў анатацыю да кнігі «Святая Русь». Гэтыя выданні захоўваюцца ў дзіцячай бібліятэцы з аўтографамі аўтараў.

Напрыканцы сустрэчы вучняў парадавалі выдатным мультфільмам, які таксама вучыць дабру і нясе святло.

Тыдзень праваслаўнай кнігі, які прайшоў у школах і бібліятэках раёна, дапамог дзецям і дарослым адкрыць цудоўны свет праваслаўнай кнігі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *