Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны – чалавецтва

Соцыум

Дзяржаўная ўстанова «Стаўбцоўская раённая ветэрынарная станцыя» адзначае свой юбілей. Утварылася гэтая арганізацыя пяцьдзясят пяць гадоў назад і называлася спачатку Стаўбцоўскай раённай станцыяй па барацьбе з хваробамі жывёлы. Першым галоўным ветурачом раёна быў прызначаны Павел Слабейка, затым гэтую пасаду пачаргова займалі Сцяпан Кароткін, Канстанцін Кірык, Мар’ян Тамашэвіч, Анатолій Крукаў. Цяпер кіруе калектывам Анатолій Гусачонак.

Прафесія ветэрынарнага ўрача ўніверсальная, і гэта пацвярджаюць агульнавядомыя словы акадэміка Івана Паўлава: «Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны – чалавецтва». Галоўная задача службы – гэта правядзенне засцерагальных і ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў, якія папярэджваюць з’яўленне востраінфекцыйных і інвазійных захворванняў, што перадаюцца ад жывёлы чалавеку. Менавіта ветэрынарны ўрач праводзіць ветэрынарна-санітарную экспертызу прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, што дае права на іх бяспечнае ўжыванне ў ежу. І патрабаванні да нашых спецыялістаў вялікія, бо мы адказваем за жыццё і здароўе людзей, захаванасць пагалоўя жывёлы.

Галоўны бухгалтар Жанна Звыцэвіч, справавод Лілія Камейша, вядучы ветурач Марыя Каспяровіч, галоўны ветурач Анатолій Гусачонак, вядучы бухгалтар Наталля Кераль, вядучы ветурач Наталля Адаміцкая, намеснік галоўнага ветурача Аляксандр Браўко

Сёння ў райветстанцыі рупяцца трыццаць восем чалавек. Усе працуюць з поўнай аддачай. Радуюць нашы дасягненні, якія ў розныя гады адзначаны ганаровымі граматамі, падзячнымі пісьмамі і кубкамі. На раённым Свяце працы калектыў райветстанцыі па выніках работы за мінулы год узнагароджаны дыпломам пераможцы спаборніцтва сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць аграпрамысловы комплекс. За шматгадовую і добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны наш кіраўнік Анатолій Гусачонак атрымаў Ганаровую грамату Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Супрацьэпізаатычную групу, у якую ўваходзяць вядучы ветурач Генадзій Маркоўскі і ветурач Дзяніс Пузанаў, на працягу апошніх гадоў за недапушчэнне распаўсюджвання туберкулёзу буйной рагатай жывёлы ўзнагароджвалі дыпломамі, вымпеламі ўпраўлення ветэрынарыі Мінаблвыканкама.

Намеснікам галоўнага ветурача працуе Аляксандр Браўко, пад кантролем якога вядуцца планаванне работы ўстановы, распрацоўка схем прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў. Атрымлівае добрыя паказчыкі звяно па ўзнаўленні статка, у склад якога ўваходзяць вядучы ветурач Антон Касцюкевіч і ветурач Аляксандр Качук. Аддзел лабараторнай дыягностыкі ўзначальвае Аксана Уласевіч. Тут шчыруюць ветлабаранты з трыццацігадовым стажам Валянціна Сергіевіч і Рэгіна Шашко. Не адно дзесяцігоддзе аддала працы ў ветэрынарыі вядучы ветурач Валянціна Гусачонак. Сорак гадоў узначальвае Дзераўнянскую ўчастковую ветлячэбніцу Генадзій Доўнар, які працуе разам з вядучым ветурачом Мікалаем Грунтовічам. Два гады назад у складзе райветстанцыі ўтварыўся аддзел па кантролі за вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі жывёльнага паходжання на мясаперапрацоўчых прадпрыемствах, які ўзначаліла малады спецыяліст Алена Курыла. Слоў падзякі заслугоўваюць галоўныя ветурачы сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

Вядучы ветурач Антон Касцюкевіч, ветурач Аляксандр Качук, вядучы ветурач Генадзій Маркоўскі, ветурачы Яўгеній Бялько і Дзяніс Пузанаў, вадзіцелі Валянцін Уласік і Віктар Каспяровіч

Маладое пакаленне вучыцца ў старэйшых калег, набываючы практычныя навыкі і неацэнныя веды. Увішна працуюць: Вадзім Тамашэвіч – загадчык гарадской участковай ветлячэбніцы, Яўгеній Бялько, Аляксандр Качук, Наталля Адаміцкая, Вераніка Пажога, Кацярына Бялько-Маз, Ганна Рыдкіна. Моладзь павышае свой агульнаадукацыйны ўзровень, чацвёра спецыялістаў вучацца на завочным аддзяленні ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Асаблівы гонар калектыву – ветэраны. З павагай і цеплынёй успамінаем ветспецыялістаў Генадзія Сергіевіча, Барыса Грахольскага, Валянціну Хіневіч, Святлану Крукаву, Ганну Седзіну, Генадзія Ажгірэвіча, Валянціну Казлоўскую, Ганну Мазур, Ларысу Красоўскую. Усе яны прыйшлі ў прафесію па закліку сэрца і аддалі ёй многія гады свайго жыцця.

Будні ветэрынарнага ўрача складаюцца з перамог і паражэнняў, прадбачыць якія немагчыма, але ясна адно: у нашай прафесіі сумаваць не прыходзіцца. Кожны ветэрынарны ўрач, акрамя любові да жывёлы, павінен валодаць такімі якасцямі, як уважлівасць, спрытнасць, выдатная рэакцыя, цярпенне і смеласць, і ўсе яны ўласцівыя нашым спецыялістам – прафесіяналам сваёй справы.

Марыя КАСПЯРОВІЧ, вядучы ветурач і старшыня прафкама райветстанцыі

Фота Надзеі БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *