У 69 стаў вучнем школы мастацтваў

Соцыум

Неяк пасля працяглага перапынку сустрэла Анатоля Жылко на пошце. Слова за слова, камплімент за ўсмешку – і ў мяне пачалі акругляцца вочы ад прыемнага здзіўлення. Анатоль Сямёнавіч, будучы на пенсіі, пайшоў вучнем у школу мастацтваў і асвоіў за пару гадоў баян. Ён іграе і танцуе, каб не старэць. Падумаў таксама пра спадчыну дзецям і ўнукам – стварыў сямейнае генеалагічнае дрэва.

Як не пайсці да такога жыццялюба па энергію?..

Анатоль Жылко

Гаджэты пад рукой

І выпадак неўзабаве прадставіўся. Стаўбчаніну Анатолю Жылко споўнілася 75. Яго віншавалі, як бачна са створанага ім жа фільма-справаздачы, многія. Сваякі, сябры, знаёмыя… А нехта з іх напісаў яму свае пажаданні ў «Аднакласніках». Юбілей адзначалі некалькі дзён – у кафэ, потым дома. Анатоль Сямёнавіч сам складаў для гасцей танцавальную праграму. Сюрпрыз зрабіла ўнучка, якая зайграла на скрыпцы вальс для дзеда-юбіляра. Анатоль Сямёнавіч удакладняе: «Яшчэ намечана «юбілейная» сустрэча на дачы – у ліпені, калі там усё расцвіце».

На дачы сям’і Жылко сапраўды ёсць што паказаць, але пра гэта пазней. Пакуль гаспадар ахвотна знаёміць з кватэрай, паказвае ўнікальныя кнігі, карціны і фотаздымкі, падобныя на карціны. Некалі ён не шкадаваў сваіх прэмій на набыццё кніг і карцін. А ў 2011 годзе, як пакінуў працу, купіў ноўтбук і стаў запампоўваць у яго дамашні архіў. А гэта – паўсотні відэакасет, стосы фатаграфій і іншых папяровых дакументаў, што адлюстроўваюць яго працоўнае і сямейнае жыццё. Дапоўніў іх свежым матэрыялам – відэааповедам пра сябе працягласцю… амаль 150 гадзін. І ўсё для чаго? «Каб мае нашчадкі ведалі гісторыю свайго роду, не мусілі звяртацца ў архівы», – адказвае Анатоль Сямёнавіч.

У домашнім музеі

Колькі яго ведаю, ён заўсёды быў цікаўным і заклікаў да гэтага іншых. Яшчэ калі рабіў дырэктарам вучэбнага цэнтра, то адкрываў для навучэнцаў новыя спецыяльнасці і прафесіі. «Разумнаму чалавеку і 70 рамёстваў мала», – любіць паўтараць ён услед за філосафам. Тады Анатоль Сямёнавіч не выпускаў з рук відэакамеру, фотаапарат, а сёння ў яго жыццё ўвайшлі гаджэты новага пакалення.

У музеі Анатоля Жылко ёсць артэфакты 1955 года, што засталіся ад бацькі, былога брыгадзіра калгаса 

– Перад выхадам на пенсію асвоіў камп’ютар, – тлумачыць ён. – Адчуў, што развіваецца інтэрнэт і напісаў заяву на навучанне ў камп’ютарным класе вучэбнага цэнтра. Не расстаюся са смартфонам і навушнікамі – з імі іду на штодзённую прагулку і слухаю, крок за крокам, творы класікі, гістарычную літаратуру.

Асвоіць інструмент можна ў любым узросце

«Настройваю сябе на здароўе»

Бывае, Анатоль Жылко чытае і ноччу, калі раптам прачнецца і не можа заснуць. А раніцай пры абуджэнні ў яго прадугледжаны цэлы рытуал.

– Размінаю рукі і ногі 75 разоў, як раіў Г. П. Малахаў, расціраю канечнасці, галаву і цела, – расказвае Анатоль Сямёнавіч. – Натрэніраваўся так, што магу за спінай сашчапіць левую руку з правай. У такім выпадку, калі верыць А. Малышавай, мой узрост – не больш за 20… П’ю падагрэтую ваду, настоеную на крэмніі і шугуце. Перабіраю арэшкі землянога міндалю, што выраслі ў нас на дачы, і слухаю настроі прафесара Сыціна. Настрой – як малітва. Настройваю сябе на здароўе. Памятаеце пасыл Дэйла Карнегі?

Важна перастаць трывожыцца. У Губермана на гэты конт ёсць такія радкі: «Не только от нервов и стужи / Болезни и хворости множатся, /Здоровье становится хуже, / Когда о здоровье тревожатся».

Ранішняя зарадка Анатоля Сямёнавіча пачынаецца з усмешкі. Розныя практыкаванні доўжацца каля 40 мінут. За імі – размінанне цела з дапамогай масажора, душ. Сняданак Анатоль Жылко рыхтуе сам. Кажа: «У 2014 годзе жонка трапіла ў бальніцу, і мне прыйшлося самому спраўляцца на кухні. Я зразумеў, што я магу».

______________________________________________________________________________________________________________________

 Прыемнага апетыту!

Сняданак ад Анатоля Жылко

(для тых, хто марыць пра актыўнае даўгалецце)

Свежыя або высушаныя сельдэрэй, пятрушку, лісты салаты, жменьку арэхаў змалоць. Дадаць 2-3 віды свежых або замарожаных патоўчаных ягад (актынідыя, парэчкі, трускалкі, суніцы, буякі, журавіны), 100 грам тварагу, чайную лыжку мёду.

Зварыць аўсяную кашу (геркулес) і кубачак кавы. Смачна з лустачкай хлеба з маслам і сырам. Карысна выпіць пяць перапяліных яек.

______________________________________________________________________________________________________________________

Пасля сняданку Анатоль Сямёнавіч садзіцца за баян. Іграе ўволю – гадзіну, дзве. «Калісьці ў дзяцінстве хацеў навучыцца, але не было гармоніка. Бедна жылі, – прыгадвае ён. – Мой педагог Генадзь Несялоўскі спачатку мною захапляўся, а потым – махнуў рукою. Маўляў, мяне і так не спыняць ніякія цяжкасці. У рэпертуары ўжо назбіралася каля трох дзясяткаў мелодый, ад частушак да папулярных песень. Мае самыя паслухмяныя слухачы – кот ды чарапашкі ў акварыуме», – жартуе з сябе незвычайны музыкант. Ёсць у яго і даўняе хобі – шахматы. «Было шмат перамог, але і пройгрышаў – не менш», – самакрытычна заўважае ён.

На дачу да Анатоля Сямёнавіча прыехалі дзеці разам са сваімі чацвераногімі гадаванцамі

На пенсіі ёсць час і на дзённы сон, і на тэлевізар. Анатоль Жылко любіць паглядзець шоу. «Я быў за Зяленскага, – разважае ён адносна выбараў ва Украіне. – Ён «кавээншчык», я – таксама. Падчас службы ў арміі выступаў у КВЗ і ў самадзейнасці, а тэлепраглядаў КВЗ не прапускаю з 1961 года».

«Я не стары»

– Пражыта шмат, – прызнаецца Анатоль Жылко, – але я не лічу сябе старым. На сезон перасяляемся з жонкай Соф’яй Уладзіміраўнай на дачу ў Арцюхі. Інтэрнэту там няма, таму дзень праводзім за фізічнай працай. Вырошчваем яблыкі, ягады і гародніну – вітамінны запас на зіму. Купілі для яго захоўвання дадатковы маразільнік. Разводзім кветкі. Ружы я навучыўся чаранкаваць сам. На вішню прывіваю чарэшню, дзічкі – новымі сартамі яблыкаў і груш. Размнажаю актынідыю і жымаласць. Вырошчваю грэцкі арэх, буякі і земляны міндаль. Выкапаў сажалку і запусціў туды карасёў. Лазню паставіў. Сад вырасціў. Малавата стала дзесяці сотак…

Для касьбы ў Анатоля Жылко падрыхтаваны розныя косы, трымеры

Анатоль Жылко старгаваўся з суседам і набыў яго ўчастак, які пуставаў. У выніку плошча дачы падвоілася. Каля 13 сотак з 20 адведзена пад газоны. Іх трэба касіць, затое ёсць дзе пагуляць у валейбол, тэніс. А адзін з пакояў сваёй дачы Анатоль Жылко прыстасаваў пад музей. Сярод артэфактаў – фотаапарат «Змена», набыты ім падчас вучобы ў тэхнікуме ў 1962 годзе, і ручная машынка для стрыжкі валасоў, што дасталася ад бацькі.

Работа на дачы — крыніца добрага настрою

Пра цяжкасці дачнага жыцця Анатоль Жылко – ні слова. Працуе з усмешкай. Гэтымі веснавымі днямі жвава ўпраўляецца на агародзе. «Паглядзіце, якую рыдлёўку прыдумаў, – прапануе ён, – згінацца не трэба». У сваёй дзейнасці дачнік не забывае пра рэкамендацыі вучоных-аграномаў і, зразумела, медыкаў. У 2014 годзе ў яго праявілася стэнакардыя, але, відавочна, здаровы лад жыцця дапамагае спраўляцца з балячкамі. Анатоль Сямёнавіч звяртаецца ў паліклініку тады, калі неабходна аформіць санаторную карту. У санаторыі ён бывае штогод, адпачываў ужо ў многіх, але выбірае менавіта тыя, дзе для адпачывальнікаў арганізуюць танцы кожны дзень.

«Самы час!»

Наш сучаснік Анатоль Жылко наўрад ці ведае пра ініцыятыву «Самое время!» праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (Белмед), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, але Анатоль Сямёнавіч заклікае: «Самы час развітацца са сваімі комплексамі і стэрэатыпамі і пачаць жыць паўнацэнна і цікава. Такая магчымасць ёсць у кожнага!»

…Мне на электронную пошту Анатоль Жылко прыслаў паведамленне: «Мы ж не паспелі пагаварыць пра нашы цудоўныя паходы на плыце па Нёмане. А плыт мабільны, арыгінальны ў сваёй канструкцыі (такога ў інтэрнэце і блізка няма!). І плавалі мы на ім пяць гадоў ад вытокаў ракі да г. Бярозаўка Лідскага раёна…» Здагадваюся, што мы не паспелі пагаварыць яшчэ шмат пра што, бо актыўнага чалавека кожны новы дзень кліча ў дарогу і дорыць яму адкрыцці, сустрэчы, даўгалецце. Дорыць музыку жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота з архіва сям’і Жылко



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *