Ганаруся сваім прадзядулем

Вялікай Перамозе прысвячаецца

Мой аповед – пра майго прадзядулю Сямёна Мікалаевіча Стому.

Нарадзіўся ён у вёсцы Мікалаеўшчына ў вялікай сям’і, таму з маленства асвоіў навуку пераадольвання любых цяжкасцяў, якія сустракаліся на яго жыццёвым шляху. Самым сур’ёзным выпрабаваннем стала вайна.

Прызвалі яго ў армію ў ліпені 1944 года, пасля вызвалення Беларусі. Здавалася, неўзабаве канец вайне. Але гэты няпоўны год на фронце прынёс выпрабаванні, якія нельга забыць. Мой прадзядуля ваяваў у 753-м пяхотным палку. Пачаў у паўночна-заходняй частцы Беларусі, а закончыў ва Усходняй Прусіі. Паранены быў на подступах да Кёнігсберга. Дадому прыехаў з групай інваліднасці. Асколак і на сучасны момант знаходзіцца ў лёгкіх. Кожны дзень ён перавязвае франтавую рану на назе.

Вялікая Айчынная вайна стала суровай школай мужнасці і гераізму для майго прадзядулі. Ён часта дзеліцца ўспамінамі пра свае дарогі вайны.

Вызваленне Літвы праходзіла з кровапралітнымі баямі. Баі ішлі з пераменным поспехам. Пры штурме горада Таўраге загінуў старэйшы брат дзядулі Мікалай. Самым цяжкім быў бой, калі неабходна было прарваць абарону гітлераўцаў на былой савецка-германскай граніцы. Байцам палка прадзядулі выпаў гонар першымі пераможна ступіць на зямлю ворага. У гітлераўцаў была трайная лінія ўмацаванняў: многія бункеры злучаліся пад зямлёй, міннае поле, калючы дрот. Нашы сапёры ноччу зрабілі праход. Салдаты ў поўны рост па чыстым полі пайшлі на нямецкія кулямёты. Артылерыя ворага адкрыла ўраганны агонь. Але салдаты не звярталі ўвагі, ішлі па трупах  загінулых савецкіх і нямецкіх воінаў. Страцілі палову палка. Авалодалі ўсімі ўмацаваннямі, прарвалі нямецкую абарону.

Яшчэ адзін эпізод. На працягу чатырох сутак утрымлівалі мост. Назаўтра было генеральнае наступленне, таму мост неабходна было захапіць напярэдадні, каб гітлераўцы не ўзарвалі яго пры адыходзе. Быў дадзены загад прадзядулінаму ўзводу, у складзе якога былі 22 байцы. На досвітку яны прарваліся праз нямецкую абарону і захапілі мост. Але ў жывых засталіся толькі чатыры салдаты. Яны суткі не елі і не спалі, не падпускалі немцаў да моста. На наступны дзень па мосце пайшлі нашы танкі і гарматы.

У памяці прадзядулі захоўваюцца дзясяткі эпізодаў, сведкам і ўдзельнікам якіх яму давялося быць. На фронце яму было прысвоена званне сяржанта. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў грозныя гады вайны, прадзядуля атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені і медаль «За адвагу». На фронце прадзядулю аберагаў Бог. Прадзядуля на вайне маліўся, моліцца і сёння.

Калі вярнуўся з фронта, працаваў і завочна вучыўся. Пачаў працоўную біяграфію загадчыкам хаты-чытальні і тэхнічкай. Вучыўся ў дзённай школе і завочна ў культвучылішчы. Закончыў завочна ўніверсітэт. Перайшоў працаваць дырэктарам школы. Быў ён і старшынёй калгаса. Заўсёды прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.  Да 2017 года выступаў на мітынгах, у школах, дашкольных установах. Атрымаў шмат грамат. Яму прысвоена званне «Ганаровы ветэран Мінскай вобласці».

У прадзядулі пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Мы яго радуем сваёй увагай, клопатам, любоўю. Ён не мае ўжо сіл прымаць удзел у грамадскім жыцці, але па-ранейшаму бадзёры і вялікі аптыміст. Мой прадзядулечка, я цябе люблю!

Валерыя СТОМА, вучаніца 4 класа сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *