На новай радзіме жыць ды ўнукаў гадаваць

Важное

Для сям’і Карабец Стаўбцоўшчына стала другой радзімай

Галіна і Віктар Карабец на Стаўбцоўшчыне ўжо 27 гадоў. Не так і шмат, але дастаткова, каб усвядоміць:  жыццё не спыніш, яно працягвае свой бег. Тут, на Стаўбцоўшчыне, іх адзіная дачка з маленькай стала дарослай. Прыкладна так склаўся лёс і ў іх суседзяў у гарадскім мікрараёне Акінчыцы, якія перасяліліся сюды пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, добраўпарадкаваны пасёлак быў пабудаваны рукамі саміх перасяленцаў з Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці.

– Памятаю, як у першыя гады ўсім пасёлкам адзначалі святы. Пад Новы год ставілі агульную ёлку… Мясцовыя жыхары казалі пра нас: «Чарнобыльцы гуляюць…», – прыгадвае Галіна Паўлаўна і прызнаецца: – Прывыклі да новай радзімы. Цяпер ужо здаецца, што жылі тут увесь час.

І яна, і яе муж шмат гадоў працуюць у ДРБУ № 135: Галіна Паўлаўна – сакратаром прыёмнай, Віктар Уладзіміравіч – варшчыкам бітуму на асфальтабетонным заводзе. У калектыве іх цэняць. Галіна Паўлаўна, так бы мовіць, першы памочнік кіраўніка, Віктар Уладзіміравіч – надзейны работнік на сваім пасту, які звязаны са шкоднымі ўмовамі, начнымі зменамі. Абое накіраваны на пазітыў, непрыкметна з асабістага пераходзяць на службовае і не прамінаюць заўважыць важны нюанс у мікраклімаце калектыву: малады кіраўнік іх арганізацыі сцяной стаіць за сваіх работнікаў, а яны, адпаведна, – гатовы ўступіцца за яго і ў якасці «абароны» называюць яго не толькі працоўныя, але і спартыўныя заслугі.

Лёс прывёў сям’ю Карабец на Стаўбцоўшчыну. У 1990 годзе Віктар Карабец разам са сваімі калегамі па брыгадзе з Нараўлянскай ПМК адправіўся на пошукі месца для перасялення сям’і.

– Намерваліся кінуць якар у Нясвіжскім раёне, але нас добра прыняў тадышні першы сакратар райкама партыі Міхаіл Русы, – зазначае Віктар Уладзіміравіч. –  Ён даў дабро на будаўніцтва жылых дамоў на тэрыторыі раёна. На выбар былі прапанаваны тры варыянты: вёска Дразды і г. Стоўбцы – вуліца А. Кашавога і мікрараён Акінчыцы. Мы выбралі Акінчыцы і – не шкадуем. Будаўніцтва, праўда, ішло з цяжкасцямі, расцягнулася на два гады… Але надзею ўсялялі маляўнічыя мясціны, акружаныя лесам, і, адначасова, – блізкае размяшчэнне мікрараёна ад цэнтра горада.

У лістападзе 1991 года Віктар Карабец змог перавезці ў Стоўбцы сваю сям’ю. Неўзабаве пераехалі з Нараўлянскага раёна і бацькі Галіны Паўлаўны, вёска якіх падлягала адсяленню і пахаванню. Яны атрымалі кватэру ў «чарнобыльскім» доме – па вуліцы Энгельса, 8. Перасяленне –цяжкая з’ява, але ўсё лягчэй пераносіцца, калі родныя людзі аказваюцца ў адной мясцовасці. З сабой яны прывезлі жаданне знайсці сябе на новым месцы і быць адно аднаму карыснымі.

– Хочацца з’ездзіць на Нараўляншчыну, – дзеляцца настальгіяй сужэнцы, – але ўжо асабліва няма да каго ехаць… На Радаўніцу наведваем магілы родных…

Галіна і Віктар Карабец трапятліва ставяцца да сваёй сям’і, берагуць асабістыя адносіны і адносіны з маладым пакаленнем. На выхадныя чакаюць у госці сваіх унукаў-«зайчыкаў» з Мінска. Варвара заканчвае першы клас, а Назару гэтай восенню споўніцца шэсць гадоў. Віктар Уладзіміравіч разам з зяцем зрабіў для іх на ўчастку дзіцячую горку, адмысловы домік. Дзецям весела гуляць тут, бо бягуць да іх і суседскія ўнукі.

Сваю гаспадарку Галіна і Віктар Карабец паступова разбудавалі. Зрабілі гараж, летнюю кухню. Участак абгарадзілі сучасным плотам. Садзяць кветкі. На падворку сакочуць куры. «Раней, – заўважае гаспадыня, – трымалі вялікую гаспадарку. Унукі любяць коцікаў, сабачку. Побач – лес. Ходзім у грыбы і ягады».

Цікавімся ў Галіны і Віктара Карабец, якія праблемы турбуюць жыхароў «чарнобыльскага» пасёлка. Не да канца заасфальтавана вуліца Лясная, і, у выніку, па гравійнай дарозе не зусім зручна рухацца як на гарадскім аўтобусе, так і на ўласным аўтамабілі. У пасёлку здараюцца перабоі з вадой. Трэба нешта рабіць. Жыхарам мікрараёна не хапае банкамата. Сярод іх нямала пажылых, таму запатрабаваны і аптэчны кіёск. Хацелася б, каб была абсталявана пляцоўка для дзяцей, а так яны збіраюцца на аўтобусным прыпынку. «Каб нам дапамаглі з матэрыяламі, мы б і самі яе зрабілі», – развівае думку Віктар Уладзіміравіч. Жонка дадае да слоў мужа: «Чаму б не зрабіць у нас свята мікрараёна Акінчыцы?»

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *