Дзеці і вайна – нешта несумяшчальнае… Але дзеці вайны, якіх вы бачыце, нібыта абвяргаюць гэта. Яны не плачуць – яны пяюць аб міры і каханні.

Чарговы раз наведаўся да стаўбчан квартэт «Чатыры сяброўкі», што створаны пры грамадскім аб’яднанні малалетніх вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў г. Мінска «Памяць сэрца». У ім Таісія Сотнікава, прафесіянал сваёй справы, не толькі акампаніруе, але і спявае. Дапамагаюць ёй вялікія аматары песні – Аляксандра Залівака, Людміла Герман і Лілія Мясніковіч. Людміла Герман – яшчэ і майстар размоўнага жанру, яна піша гумарэскі на злобу дня…

Праз лёс удзельніц квартэта «Чатыры сяброўкі» прайшла вайна, але жахі ваеннага ліхалецця не азлобілі сэрцы, а напоўнілі іх пазітывам і творчасцю. І публіка, якая вітала артыстак у зале тэрытарыяльнага цэнтра, – гэта ў большасці таксама дзеці вайны, яе малалетнія сведкі. У тэрытарыяльным цэнтры яны наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, бяруць удзел у рэалізацыі праекта «Актыўнае даўгалецце». Ад імя прысутных Мікалай Данец, былы ваенны і ўдзельнік хору народнай песні «Родны кут», пакланіўся ў пояс жанчынам з «Чатырох сябровак». Адна з іх, Аляксандра Залівака, падзялілася, што ёй давялося перажыць у фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры…
Загадчык аддзялення Сяргей Есіс яшчэ запрасіў на сустрэчу сваіх даўніх сяброў з раённага цэнтра народнай творчасці – Марыну Халецкую і Алу Янскую. Іх выступленне адкрывала праграму і адразу «накіравала» ў той, пасляваенны, час. Марына Халецкая падрыхтавала лялькі-абярэгі, якія нагадалі прысутным пра іх колішнія цацкі і забавы. Майстар падаравала лялькі гасцям на памяць і правяла невялікі майстар-клас.
– У зале не было абыякавых. Усе разам спявалі, суперажывалі, дзяліліся сваёй шчырасцю. Аб’яднала нас памяць сэрца, – падвёў вынік Сяргей Есіс.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара