Людзі часта чакаюць незвычайнага, што магло б падняць настрой, упрыгожыць жыццё або зрабіць іх шчаслівымі. У Вішнявецкай сярэдняй школе гэтага не чакаюць – робяць самі. Я вам раскажу, дзе жыццё ідзе ярка, бурліва і кожны дзень па-новаму.
Марыну Белік, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, ведаюць як арганізатара цікавых спраў у школе. Менавіта ёй належыць ідэя аб правядзенні спартыўна-забаўляльнага свята «Сёння ў эстафеце – настаўнікі і дзеці!» Галоўную работу па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства ўзяла на сябе Вольга Ярашэвіч, настаўніца фізічнай культуры і здароўя. Шмат дзён прайшло ў адборы, сістэматызацыі і афармленні матэрыялаў. Дзеці даўно марылі аб тым, каб даказаць, што яны моцныя, спрытныя і кемлівыя. Настаўнікі ахвотна адгукнуліся на прапанову абараніць гонар калектыву, бо ўсе маладыя, і сумнявацца ў сваіх сілах прычын не было.
Балельшчыкі абедзвюх камандаў пастараліся з густам аформіць спартыўную залу. Сцены ўпрыгожылі каляровымі стужкамі, шарамі, плакатамі-заклікамі да перамогі. Усе месцы для гледачоў былі занятыя. Свята пачалося з гукаў фанфар і выступлення вядучага. Канечне ж, гэта была Вольга Ярашэвіч. Яна звярнулася з прывітаннем да камандаў, нагадала парадак правядзення эстафет. Далей капітаны ад імя сваіх камандаў прынеслі клятву, дзе з гумарам абяцалі «хутчэй ветру не бегаць, вышэй даху не скакаць і мацней балельшчыкаў не крычаць».
Каманда вучняў «Класныя дзяўчынкі» змагалася пад дэвізам «Мы – дзяўчынкі проста «клас», не дагоніце вы нас!». Каманда ж настаўнікаў «Кеды» – мела дэвіз «Успомнім старыя «победы» і зноў абуем кеды!»
Выглядала, што настаўнікі больш спадзяваліся на моц свайго абутку, чым на ўласныя сілы. Але далейшыя падзеі паказалі, што нягледзячы на страту сваёй энергіі на ўроках і штодзённае спаборніцтва з вучнямі на выхаваўчых мерапрыемствах, педагогі яшчэ могуць пастаяць за сябе.
Вось няпоўны пералік эстафет, якія былі прапанаваны пад гукі бадзёрай музыкі: «Бягом па магазінах», «Аўтагонкі», «Гаспадынькі», «Злаві мяч вядром», «Сараканожка», «Падрыхтоўка да ўрока», «Загнаць шар у карзіну», «Шпаргалка».
Не першы раз праводзяцца ў нашай школе падобныя мерапрыемствы, але такога накалу эмоцый я не памятаю. Дарэчы, настаўнікі перамаглі. Але гэта толькі падняло настрой «Класным дзяўчынкам». Яны пераканаліся ў тым, што іх педагогі могуць падаваць ім прыклад не толькі ў веданні свайго прадмета. Суддзі падвялі вынікі, узнагародзілі і павіншавалі пераможцаў. Фатаграфаваліся на памяць ўсе: і ўдзельнікі, і гледачы-балельшчыкі.
Вячаслаў САРАКАВІК, кіраўнік гуртка «Юны карэспандэнт»