5 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень друку!

Главное

5 мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень друку, а 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

На Стаўбцоўшчыне СМІ прадстаўлены раённай газетай «Прамень» і праграмай радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы». У 2019 годзе, у Год малой радзімы, наша выданне, раённая газета «Прамень», святкуе сваё 80-годдзе. Здаецца, узрост шаноўны, але для выдання – малады. Газета «Прамень» выходзіць два разы на тыдзень: у сераду  (8 палос, двухкаляровы друк) і суботу (16 палос, шматкаляровы друк). Газета на самаакупнасці, датацыямі з бюджэту не карыстаемся.

Рэдакцыйны калектыў «Праменя» стараецца прытрымлівацца наступных прынцыпаў: праўдзіва, па-мастацку, аператыўна асвятляць падзеі, найперш – жыцця раёна.

Усе важныя і значныя моманты эканамічнага, сацыяльна-культурнага і гістарычнага развіцця раёна адлюстроўвалі на яе старонках журналісты розных пакаленняў. Сёння ў калектыве сплаў маладосці і сталасці. Гартаючы старонкі газеты, учытваючыся ў матэрыялы журналістаў Таццяны Пяткевіч, Надзеі Баталка, Святланы Жыбуль, Яўгеніі Слесарчык, Ксеніі Рубін, углядаючыся ў здымкі Васіля Зянько, акунаешся ў рытм сучаснага жыцця, перажываеш разам з героямі артыкулаў і фотаздымкаў. Ніяк не абысціся нам без старшых аператараў электроннага набору і вёрсткі Наталлі Клыгач і Аляксандры Глушко, старшага карэктара Вольгі Васільевай, галоўнага бухгалтара Раісы Клімко, спецыяліста па рэкламе Галіны Уласік, вадзіцеля Віктара Варажуна.

Сёння друкаванае слова не можа існаваць без інтэрнэту. Газета мае свой сайт, абнаўленнем якога займаецца рэдактар радыё Ксенія Рубін. Дзякуй вам, паважаныя калегі, што вы ўмееце працаваць шчыра і аддана, што любіце сваю раёнку, цэніце кожнае слова ў ёй. Дзякуючы вашым намаганням газета мае сучасны дызайн, гучыць на сакавітай беларускай мове. Вы розумам і сэрцам ствараеце нашу раёнку.

Сёння словы віншаванняў і падзякі за работу, за супрацоўніцтва хачу выказаць нашым калегам, ветэранам працы Івану Багатку, Фёдару Бандаровічу, Лёнгіну Ваяводскаму, Таццяне Шалькевіч, Ганне Бычынскай, Тамары Казей, Галіне Паўловіч, Міхаілу Мазуру, нашым няштатным аўтарам, заснавальнікам газеты – раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама.

Мы стараемся, каб тэматычная палітра «Праменя» была багатай, каб на старонках газеты знаходзілі адлюстраванне актуальныя пытанні дзяржаўнай палітыкі. Нездарма папулярнасцю ў чытача карыстаюцца спецвыпускі, тэматычныя старонкі «Сям’я», «Панямонь», «На прасторах жыцця», «Нашчадкі Сымона-музыкі» і інш. У Год малой радзімы, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў газета «Прамень» распачала серыю праектаў: «Беларусь помніць…», «Вайна. Перамога. Памяць», «Землякі», «Мой родны кут…». Газета знаходзіцца ў пастаянным пошуку, каб быць сучаснай, чытабельнай, інфармацыйна насычанай. Але самае галоўнае для нас – захаваць сваё месца ў сэрцах чытачоў.

Паважаныя калегі, ветэраны працы, няштатныя аўтары, падпісчыкі і чытачы газеты, прыміце шчырыя віншаванні з Днём друку. Жадаю творчых знаходак, журналісцкіх поспехаў, вострага пяра, шчасця, здароўя, а любімай газеце – працвітання.

Шаноўных жыхароў Стаўбцоўшчыны, ветэранаў віншую з надыходзячым святам – Днём Перамогі. Здароўя вам, мірнага неба над галавой. Нізкі вам паклон за ваш подзвіг у гады вайны.

Спадзяюся, што і надалей вы, шаноўныя сябры, застанецеся з раённай газетай «Прамень», а мы абяцаем своечасова інфармаваць вас аб развіцці нашага роднага краю – і вы заўсёды будзеце на плыні часу.

З павагай Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *