Прызыўнік – гучыць па-армейску

Соцыум

У маі традыцыйна адпраўляецца ў беларускае войска маладое папаўненне. Не выключэнне і прызыўнікі Стаўбцоўшчыны. З якімі думкамі яны ідуць на службу, на што спадзяюцца? У райваенкамаце мы пагутарылі з некаторымі прызыўнікамі.

 

Ілья Лукашавічус

– Хвалююся, таму што пакідаю на цэлы год сям’ю. Сыну Кірылу споўнілася тры гады, ён пайшоў у дзіцячы сад. Спадзяюся, што жонцы ў гэты перыяд дапамогуць бацькі. Стоўбцы – мая радзіма, усе тут побач. Ды і служыць буду недалёка – у Мінску. Законам адтэрміноўка мне ўжо не прадугледжана, а да заканчэння прызыўнога ўзросту не хапае паўгода. Бацька мой служыў, таму і мне неабходна выканаць свой доўг. Апошнім часам я працую майстрам службы ўліку газу ВУ «Стоўбцыгаз». Закончыў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт. Працоўнае месца за мной захоўваецца, таму пасля службы вярнуся ў Стоўбцыгаз. Прадпрыемства стабільнае, заробак добры. Усе сямейныя планы будзем будаваць пасля арміі.

Андрэй Радцэвіч

– На службу іду з задавальненнем. Прызываюць мяне ў пагранічныя войскі, у Пінскі пагранатрад. Брэстчына – мая родная вобласць. Два месяцы таму атрымаў дыплом Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і трапіў на работу ў Стаўбцоўскія электрасеткі. Працую інжынерам па бяспецы. Навыкі пераймаў у такога вопытнага механіка, як Г. М. Пальчэўскі. Работа напружаная. У гэтым мне ёсць з чым параўноўваць, бо яшчэ студэнтам кожнае лета працаваў у калгасе на радзіме. Планую вярнуцца ў Стаўбцоўскія электрасеткі і пасля службы. Увогуле Стоўбцы мне спадабаліся. У горадзе ўсё даступна. Чакаць мяне будзе жонка-студэнтка і, безумоўна, бацькі. Яны сказалі: «Трэба адслужыць, сынок!»

Уладзіслаў Пракапчук

– Пайду ў армію і абавязкова навучуся чаму-небудзь новаму. Гэта маё перакананне і пажаданне самому сабе на бліжэйшыя паўтара года. У свае 20 я ўжо шмат чаго ўмею. Да прыкладу, рамантаваць аўтамабілі. Рамонтам займаюся з бацькам ужо гадоў пяць. Закончыў аўтамеханічны каледж. Люблю футбол, паважаю іншыя віды спорту. Дапамагаю матулі прыбірацца ў кватэры. Я ж у бацькоў адзіны… У мяне, як і ва ўсіх, ёсць сябры, дзяўчына. Так атрымалася, што служыць іду ва ўнутраныя войскі. Хваляванняў няма. Упэўнены, што ўсё будзе добра. У прынцыпе, у мяне не было асаблівых прэтэнзій адносна таго ці іншага роду войскаў, таму любы армейскі вопыт будзе для мяне карысны.

Максім Мазанік

– Трэба жыць у суладдзі з законам. Як там у народзе кажуць? Адслужыў – і жыві спакойна. Мне 22 гады, яшчэ ўсё наперадзе. Пасля заканчэння БДАТУ працую інжынерам на сельгаспрадпрыемстве Гродзенскай вобласці. Ужо пасеялі збожжавыя і іншыя культуры. Парабіў там толькі месяц, але пульс пасяўной адчуў… Не было калі адпачываць гэты месяц. Іду ў вучэбную часць у Барысаўскі раён. У ваенкамаце сказалі, што буду служыць вадзіцелем цягача маркі МАЗ. Значыць, змагу адкрыць катэгорыю «Е». Катэгорыі «А», «В» і «С» у мяне ўжо ёсць. Бацькі жывуць у Цеснавой, падтрымліваюць мяне. Сам сябе рыхтую да дысцыпліны, цяжкасцяў і спадзяюся на ўдачную службу.

Міхаіл Грыб

– Мяне хацелі прызваць яшчэ восенню 2018 года, але па хадайніцтве Салігорскага аддзела адукацыі (там Міхаіл працуе настаўнікам гісторыі – Т. П.) пакінулі працаваць з дзецьмі. Службы ў рэзерве цяпер няма, таму іду на тэрміновую. Не расстроіўся. Служыць іду з жаданнем. Страху ў мяне няма. Гэта будуць унутраныя войскі, горад Мінск. Першапачаткова рыхтаваў сябе да армейскіх будняў. Фізічна і псіхалагічна. Думаю, што адаптацыя пройдзе непрыкметна і лёгка. Пра жыццёвыя планы?.. На іх пакуль не засяроджваюся – спачатку трэба адслужыць. А ўвогуле хацеў бы перачытаць 100 значных для мяне кніг. Безумоўна, буду сумаваць па сваіх вучнях…

Аляксандр Жыбуль

– Настрой нармальны. Мне прапанавалі пагранічныя войскі. Многія мае знаёмыя служаць там і дзеляцца добрымі водгукамі. Спадзяюся, што і ў мяне застануцца прыемныя ўспаміны. Хачу атрымаць падчас службы вадзіцельскае пасведчанне. Пасля каледжа папрацаваў 10 месяцаў у Стаўбцоўскай ПМК. Брыгада падабралася добрая. Шмат чаму навучыўся. Асвоіў плазменную рэзку, бурыў адтуліны, пракладваў камунікацыі ў шматпавярховым доме па вуліцы Міру ў Стоўбцах… Пасля арміі планую пайсці працаваць у МНС, паступіць завочна ў ВНУ. Займаюся спортам. Люблю рыбачыць на Нёмане. У мяне шмат сваякоў – усе падтрымліваюць. Служба не павінна быць цяжкай, бо яна будзе дома, у Беларусі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *