Гуляючы, пагаворым пра бяспеку

Ахова правапарадку Главное

У Мінскай вобласці вядзецца актыўная работа па стварэнні аб’ектаў, здольных дзякуючы сучасным тэхналогіям прывіваць маладому пакаленню навыкі бяспекі. Больш чым у 15 рэгіёнах вобласці адкрыты інавацыйныя класы. Найбольш яркія з іх – у Валожыне, Нясвіжы і Салігорску. Нядаўна быў адкрыты міні-цэнтр бяспекі ў Дзяржынску.

Для таго каб папоўніць багаж ведаў у галіне бяспекі жыццядзейнасці, у пачатку красавіка кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Стаўбцоўскага раёна наведалі рэгіянальны інавацыйна-адукацыйны цэнтр бяспекі Мінскай вобласці ў Барысаве, які быў адкрыты 25 студзеня гэтага года. Цэнтр уключае 15 тэматычных блокаў, у будучым плануецца адкрыццё яшчэ некалькіх блокаў, такіх як «віртуальная рэальнасць», «маладой матулі», «экалагічная і прамысловая бяспека», «інтэрактыўны гарадок». Таксама плануецца арганізоўваць квэст па цэнтры бяспекі. У цэлым дзейнасць цэнтра арыентавана на навучанне асновам бяспекі жыццядзейнасці шляхам віртуальнага пагружэння ў рэальную абстаноўку, якая імітуе надзвычайныя сітуацыі, што дазволіць сфарміраваць мадэль паводзін і адпрацаваць дзеянні не толькі тэарэтычна, але і практычна. Цікавая інфармацыя, яе інавацыйная падача, інтэрактыўныя методыкі і 3D-мадэліраванне робяць навучанне незабыўным і вельмі эфектыўным.

Наша экскурсія пачалася з гардэроба, аформленага ў выглядзе аўтобуса. Варта адзначыць, што адразу ж пачалося і навучанне. Далей усе падняліся на другі паверх. Калідор таксама з’яўляецца навучальнай прасторай. Там нам распавялі, як пераадольваць балота, а таксама нагадалі аб правілах руху пешаходаў.

У першай зале прагледзелі відэа-фільм аб небяспечных сітуацыях, якія могуць адбыцца на кухні ці ў пакоі. Затым пры дапамозе планшэтаў адказвалі на пытанні, звязаныя з сітуацыямі з фільма.

У наступнай зале паўтарылі правілы выкліку МНС і выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння. Даведаліся, што падручнымі сродкамі на кухні пры тушэнні пажару могуць стаць звычайныя грэцкія крупы, рыс, ячныя крупы, соль, сода, а вось мукой, маннымі крупамі і шматкамі тушыць нельга.

Затым усе адправіліся ў «аднапакаёвую кватэру» і працавалі з 3D-тэхналогіямі. Пры дапамозе адмысловага планшэта трэба было вызначыць 11 месцаў-памылак у кватэры з павышанай небяспекай, вучыліся пазбягаць надзвычайных сітуацый і ліквідаваць іх. Напрыклад, ёсць расколіна ў печы і ідзе дым, адсутнічае перадтопачны ліст,  праводка няспраўная, загарэлася патэльня і іншыя. Пасля гэтага паўтаралі алгарытм дзеянняў у выпадку надзвычайнай сітуацыі. 

Самым запамінальным стала пераадоленне лабірынта – задымленага пакоя з адсутнасцю асвятлення. Так экскурсанты вучыліся выходзіць з мінімальнымі стратамі з задымленага памяшкання. Сутыкнуліся кіраўнікі і з надзвычайнай сітуацыяй каля ліфта. Інспектар РАНС нагадала правілы паводзін у ліфце і алгарытм дзеянняў пры яго прыпынку.

У антыкрымінальным блоку разгледзелі сітуацыі крымінальнага характару з выкарыстаннем гульнявой прыстаўкі Xbox. Таксама экскурсанты даведаліся, як пазбавіцца ад гнязда вос, прайсці балота і выратаваць чалавека, які праваліўся пад лёд. Наступнае выпрабаванне для кіраўнікоў – адшукаць месца, дзе можна схавацца ад дажджу, навальніцы і адказаць на пытанне, што рабіць пры з’яўленні шаравой маланкі. Аб будаўніцтве і наладжванні атамнай электрастанцыі ў Астраўцы і аб тым, як працуе лічыльнік Гейгера, кіраўнікі даведаліся ў блоку атамнай энергетыкі. Найбольшую цікавасць выклікаў медыцынскі блок, так як аказанне першай дапамогі – гэта той момант, калі ад тваіх дзеянняў залежыць чужое жыццё. Вядома, тэарэтычна мы ўсе ведаем, куды націскаць і як рабіць штучнае дыханне, але на практыцы нават звычайны манекен не заўсёды атрымоўваецца «рэанімаваць». Цэнтр бяспекі для таго і створаны, каб навучыць нас не толькі бяспечна жыць, але і правільна дзейнічаць у выпадку неабходнасці.

Усе кіраўнікі, якія наведалі цэнтр бяспекі, з захапленнем расказваюць пра тое, што бачылі і чаму навучыліся.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *