Памяць ветэранаў кліча ў будучае

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

Лізавеце Чабатарэвіч споўнілася 95

«Не магу заспакоіцца… Столькі гасцей, а я не бачу вас, не магу абняць і расцалаваць. Прабачце…» – прыгаворвала стаўбчанка Лізавета Чабатарэвіч, перабіраючы падараваныя букеты. Яна падносіла кветкі бліжэй, каб адчуць водар і напоўніць ім сябе. А калі Яўген Карпуць расцягнуў баян і заспяваў, жанчына заплакала… Шмат разоў на працягу сустрэчы яна паўтарыла: «Вялікі дзякуй…»

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лізавета Чабатарэвіч раней таксама добра спявала, любіла святы. Гэтымі днямі яна адзначыла сваё 95-годдзе. Дажыць да такой даты – гэта шчасце і мужнасць, азначае тое самае, што ў вайну дачакацца Дня Перамогі. Адчуванні ў нечым падобныя – такія ж моцныя і незабыўныя. Праўда, тады перад Лізаветай Мікалаеўнай быў выбар, далягляд, а сёння ён звужаны да сціплай дамашняй абстаноўкі, стаў нябачным з-за праблем са зрокам. «Ад старасці нікуды не дзенешся…», – вяртае нас у рэальнасць юбілярка.

З віншаваннямі завітала да яе вялікая дэлегацыя – члены раённага савета ветэранаў на чале са старшынёй Наталляй Лапко, прадстаўнік райваенкамата Васіль Апаценка. Для франтавой медсястры гучаць віншавальны адрас, проста цёплыя словы… З 1943 па 1947 год Лізавета Мікалаеўна шчыравала перавязачнай сястрой у эвакуацыйным шпіталі ў сваім родным горадзе Фролава, што ў Валгаградскай вобласці. Так склаўся лёс, што з медыцынай яна была злучана ўсё жыццё. У стаўбцоўскай раённай бальніцы прарабіла 44 гады, у тым ліку 25 – старшай медыцынскай сястрой паліклінікі. Дарэчы, павіншаваць свайго ветэрана працы прыехалі і прадстаўнікі ЦРБ.

Усе госці – з падарункамі. Прымаючы іх, Лізавета Мікалаеўна настойвала на сваім: «Для мяне ваш прыезд – гэта лепшы падарунак. Вы не ўяўляеце, якая  гэта аздараўленчая з’ява!»

Першыя працоўныя ўражанні Лізаветы звязаны з прыбыццём санітарнага поезда. З вагонаў яна выносіла і выводзіла параненых. Даводзілася працаваць цэлымі суткамі, таму што была цякучка кадраў. Калі раніцай зменшчыца не прыходзіла, дзяжурства працягвалася далей. Нездарма за сястрычкай, якая не пакідала свой пост, замацавалася слава – «тая, якая не спіць».

У 1945-м Лізавета паралельна паступіла вучыцца ў фельчарска-акушэрскую школу. І адразу – на апошні, трэці, курс. Папрасіла ў галоўнага ўрача перавесці яе з аперацыйнай у палаты, каб заставаўся час на наведванне заняткаў. Жадаючых вучыцца было шмат, а закончыла школу яна адна. Пасля здачы экзаменаў яе прызначылі ў шпіталі  старшай.

Неўзабаве Лізавета вырашыла разам з маці наведаць сваякоў у Беларусі (Карэліцкі раён – гэта радзіма яе маці і бацькі, вялікая сям’я якіх у 1914 годзе аказалася сярод бежанцаў). Сустрэча з блізкімі людзьмі пасля больш чым трыццаці гадоў расстання была вельмі хвалюючай. У Беларусі сваякі частавалі іх жытнім хлебам уласнай выпечкі, салёным кумпяком, салам… Гэта і стала аргументам на карысць пераезду ў Беларусь. У Валгаградскай вобласці тады панавала картачная сістэма…

Працуючы ў Карэліцкім раёне на фельчарска-акушэрскіх пунктах, Лізавета выйшла замуж за мясцовага хлопца, партызана Аляксандра Чабатарэвіча. У іх нарадзіліся двое сыноў-блізнят. Потым яны набылі дом у Стоўбцах. Муж Лізаветы Мікалаеўны працаваў дырэктарам СШ № 2, пераняўшы эстафету ад заслужанага настаўніка БССР У. Ф. Матрунчыка.

Жыццё не стаіць на месцы. Дваццаць гадоў прайшло, як Лізавета Мікалаеўна з’яўляецца ўдавой. Цяжкай стратай для яе стала смерць сына Паўла. Але жанчына не засталася ў адзіноце, без увагі і догляду. Сын Пётр разам з нявесткай Вольгай вырашаюць усе пытанні, каб старасць Лізаветы Мікалаеўны была годнай і дагледжанай.

– Наша бабуля любіць прыгадваць мінулае, шмат што памятае, – гаворыць Вольга. – Калі ёй не спіцца, называе імёны параненых, расказвае пра перавязкі, што ратавалі  і давалі шанц на выздараўленне…

Ваша памяць патрэбная нам, шаноўная Лізавета Мікалаеўна. Жывіце доўга, імкніцеся да свайго стагоддзя!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *