Зорка сцэны з баявымі медалямі

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

Усе кветкі — 95-гадовай Ганне Клімаш

Адна з апошніх рэпетыцый хору ветэранаў вайны і працы ў раённым Цэнтры культуры пачалася з урачыстай падзеі – віншаванняў у адрас самай старэйшай яго ўдзельніцы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ганны Андрэеўны Клімаш.

Гэтымі красавіцкімі днямі Ганне Андрэеўне споўнілася 95. Ва ўзрост цяжка паверыць, калі перад табой такая эфектная жанчына ў яркай сукенцы, з чароўнай усмешкай і россыпам букетаў у руках… На рэпетыцыю яна прыйшла ў суправаджэнні сына Аляксандра, пешшу. Здаецца, усё як звычайна, але настрой ва ўсіх харыстаў прыўзняты.

Павіншаваць юбілярку сабраліся раённы савет ветэранаў, прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы, раённага Цэнтра культуры. Для ўсіх яна аўтарытэт, творчая зорка, святло ад якой разліваецца навокал і напаўняе прастору незвычайнай энергіяй, сілай нязломнага духу. Ганна Андрэеўна разам з удзельнікамі хору заспявала «100 лят…». Яна яшчэ цудоўна чытае са сцэны байкі, якія навучаюць жыць з мудрасцю, не губляць пачуцця гумару. Прайшло не так шмат часу з тых пор, як шаноўная артыстка з баявымі медалямі на грудзях («Партызану Айчыннай вайны» І ступені), «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.») выязджала на гастролі, вярталася з конкурсаў мастацкай самадзейнасці з дыпломамі і званнямі.

Калісьці Ганна Клімаш марыла стаць актрысай. Паступіла ў тэатральны інстытут, закончыла некалькі курсаў і – грымнула вайна. Разам з сям’ёй давялося эвакуіравацца з роднага Мінска. Трапіла ў партызанскі атрад, які дыслацыраваўся ў лясах Карэліцкага раёна. У снежні 1943 года атрад быў уключаны ў брыгаду «Камсамолец». Дзяўчына ўдзельнічала ў ваеннай аперацыі «Рэйкавая вайна» і інш. Дапамагала тым, што перавязвала раненых, рыхтавала партызанам ежу, мыла бялізну… У атрадзе перахварэла на тыф… Было і прыемнае: менавіта тут яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

Іх пасляваеннае сямейнае жыццё прайшло ў Стоўбцах. Іван Яраслававіч працаваў зампалітам у міліцыі, Ганна Андрэеўна – медыцынскай сястрой у паліклініцы. Працоўны стаж яе складае 45 гадоў. Памятаюць Ганну Клімаш стаўбчане старэйшага веку, ведае і маладое пакаленне, таму што яна вядзе патрыятычную работу сярод школьнікаў, не прапускае мітынгаў і раённых акцый.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *