Нашы кантактныя тэлефоны: 5-44-47, 5-33-63, SMS – 8-029-663-54-05

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Тэлефанаванне з вёскі Асіпаўшчына акрэсліла праблему дрэннага стану дарог у населеным пункце. Вяскоўцы просяць удзяліць увагу вёсцы, прагрэйдзіраваць дарогу. Зімою не праводзіцца ачыстка вуліц ад снежных заносаў. Атрымліваецца, круглы год праезд у вёску праблемны.

Жыхар вёскі Буцькаўшчына П. В. Паплаўскі просіць кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы аказаць садзейнічанне ў набыцці стаматалагічнага абсталявання для Рочавіцкага ФАПа. Стаматолаг ёсць, а вось бор-машына 60-х гадоў. Таму людзі вымушаны звяртацца па дапамогу аж у Рубяжэвічы.          

Па стане дарогі ў Варнавугле рэдакцыя атрымала рэагаванне старшыні Рубяжэвіцкага сельвыканкама А. А. Стралкоўскай: «На наш зварот да кіраўніцтва КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135″ В. І. Дзям’янка адказаў, што частка вуліц у вёсцы Варнавугал з’яўляецца грунтаванай, праезджая частка часткова задзірванела, праезд здавальняючы. Прафілактыка вышэйназваных праездаў прывядзе да страты нясучай здольнасці праезджай часткі і створыць цяжкасці для праезду ў час ападкаў».

На праблему жыльцоў дамоў па вуліцы Зялёнай, якія маюць суседства з загрузачнай чыгуначнай пляцоўкай, рэдакцыя атрымала рэагаванне дырэктара Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Г. В. Кажушкі: «Сапраўды, наша лесавозная тэхніка ажыццяўляе транспарціроўку лесу на пункт пагрузкі да чыгуначнай станцыі па вуліцы Зялёнай. Мы таксама вымушаны ехаць па выбоінах у асфальце і маем нязручнасці пры дастаўцы прадукцыі да вагонаў. Па гэтай жа дарозе ездзяць не толькі нашы машыны, але і іншая велікагрузная тэхніка да складоў некаторых арганізацый. Наколькі нам вядома, за стан дарогі адказвае аб’яднанне камунальных службаў. У мінулым годзе гэтае ж пытанне падымалі жыльцы тых жа дамоў. Лясгас пры з’ездзе паставіў загароджванне, і нашы лесавозы заходзяць на пляцоўку па вялікім крузе. Бруд з нашай пагрузачнай пляцоўкі не сцякае. Пляцоўка, наколькі гэта магчыма, у гэтым годзе выраўнена грэйдарам. А што датычыць пырскаў з-пад колаў на платы, то пакуль не будзе праведзены ямачны рамонт дарожнага пакрыцця, як у мінулым годзе,   пырскі бруду будуць ляцець на платы. І не толькі ад нашай тэхнікі, якая якраз у тым месцы прытарможвае для павароту на пагрузачную станцыю, але і ад велікагрузных машын іншых арганізацый».

Жыхарка аграгарадка Дзераўная Рамуальда Грамыка звярнулася з пытаннем бяспечнага пераходу вуліцы Меліяратараў – нідзе па вуліцы няма абазначаных пешаходных пераходаў.

Рэдакцыя звярнулася да старшыні Хатаўскога сельвыканкама Таццяны Босай: «Пытанне гэтае хвалюе людзей не першы год. Вось і на нядаўнім сходзе грамадзян яно было ўзнята  чарговы раз. Мы зафіксавалі яго і перададзім для рэагавання ў раённы Савет дэпутатаў. Вуліца Меліяратараў знаходзіцца на балансе ДРБУ № 135. На маю думку, абазначаныя пешаходныя пераходы  не былі б лішнімі і каля магазіна і прыпыначнага пункта, дзе дарога разыходзіцца ў трох напрамках і становіцца шырокай».       

У рэдакцыю звярнуліся ўладальнікі зямельных участкаў, выдзеленых для індывідуальнай жыллёвай забудовы ў мікрараёне Паўночны-2 (у напрамку Сцяцкоў). Калі будзе вырашацца пытанне з пад’язнымі шляхамі да новага мікрараёна горада?

Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі дырэктара УП «УКБ-Стоўбцы» Мікалая Мармузевіча: «Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на водазабеспячэнне мікрараёна (пакуль – першай чаргі), на адсыпанне праезджай часткі вуліц пясчана-гравійнай сумессю (таксама прадугледжана рэалізацыя першай чаргі добраўпарадкавання, у межах вуліц Янтарнай, Сасновай) і на газазабеспячэнне. Але аб’ём выдзеленых для гэтага сродкаў недастатковы. Лагічна, што найперш будзем укладваць іх не ў добраўпарадкаванне, а ў будаўніцтва водаправода. На даны момант рыхтуюцца матэрыялы на правядзенне працэдуры таргоў. Пачатак работ па стварэнні сетак водазабеспячэння запланаваны на трэці квартал 2014 года».

Акрамя таго, у Паўночным-2 пракладваюцца інжынерныя сеткі электразабеспячэння. Зроблены вялікі аб’ём работ, але ж і мікрараён адпаведны – каля 600 участкаў. Заказчыкам аб’екта выступае РУП «Мінскэнерга».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *