Сёлета раней, чым звычайна (амаль на тры тыдні), пачаўся сезон здабычы на ААТ «ТБЗ Нёман» і, акрамя таго, на прадпрыемстве зафіксаваны своеасаблівы рэкорд.
Хіба не рэкорд, што машынсіт уборачнай машыны Іван Равяка здабыў за дзень 476 тон торфу?! Дырэктар прадпрыемства Міхаіл Камейша не хавае свайго захаплення: «Такога выніку за апошнія амаль тры дзясяткі гадоў яшчэ ніхто не дасягаў!» Ды і ўвесь калектыў торфабрыкетчыкаў, які фактычна ўжо справіўся з майскім планам здабычы торфу, можна павіншаваць з працоўнай перамогай.
Гэтаму спрыяе надвор’е, і людзі ўвіхаюцца ўвесь светлавы дзень. На даны момант усяго нарыхтавана каля 13 тысяч тон сыравіны (прыкладна 14 працэнтаў ад планавага задання). На палях здабычы задзейнічана 15 адзінак спецыялізаванай тэхнікі.
Акрамя таго, вытворцы на працягу красавіка завяршылі планавы рамонт асноўнага тэхналагічнага абсталявання. Пасля рамонту на вытворчым канвееры ізноў распачаты выпуск прадукцыі. Балазе падчас перапынку рэалізаваны ўсе запасы са складоў. У маі неабходна выпусціць 2600 тон торфабрыкету, з іх 1100 тон – для цэментных заводаў рэспублікі, астатняе запатрабавана філіяламі прадпрыемства «Мінаблпаліва».
Таццяна ПЯТКЕВІЧ