Выяўляць пагрозы і ствараць умовы

Соцыум

Напярэдадні Сусветнага дня аховы працы на базе рамонтна-будаўнічага ўчастка прайшоў раённы дзень аховы працы.

Месца яго правядзення выбрана невыпадкова – бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам бяспекі ў будаўніцтве. РБУ – арганізацыя, якой ёсць што ў гэтым плане паказаць. І першае, з чаго семінар пачаўся, – гэта знаёмства спецыялістаў па ахове працы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна з кабінетам аховы працы. У РБУ яго можна назваць сучаснай лабараторыяй, цэнтрам навучання і прафілактычнай работы. Тут створаны ўсе ўмовы для правядзення інструктажоў, здачы экзаменаў па тэхніцы бяспекі і падчас павышэння кваліфікацыйных разрадаў. Вялікі ўклад у належнае афармленне кабінета зрабіў інжынер па ахове працы Аляксандр Радомскі.

Пачаць з «нулявога» траўматызму

Семінар праходзіў па тэме «Ахова працы і будучае сферы аховы працы» і быў прысвечаны выпрацоўцы канкрэтных мер па зніжэнні ў раёне вытворчага траўматызму.

Адкрываючы яго, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Магер звярнула ўвагу на канцэпцыю «нулявога» траўматызму, што пачала ўкараняцца сёлета ў рэспубліцы. Сутнасць яе – у прызнанні таго, што няшчасныя выпадкі на вытворчасці не з’яўляюцца непазбежнымі, кожны з іх мае прычынную сувязь, якую неабходна бачыць і «нейтралізоўваць» прафілактычнай работай. Для бяспечнай працы наймальніку важна выяўляць пагрозы, ствараць умовы, гарантаваць бяспеку і гігіену працы, дбаць пра дабрабыт на ўсіх узроўнях вытворчасці, павышаць кваліфікацыю работнікаў і, безумоўна, інвесціраваць у кадры.

Удзельнікі семінара знаёмяцца з кабінетам аховы працы РБУ

«Як такое магло здарыцца?!.»

З актуальнымі пытаннямі сферы бяспекі на вытворчасці выступіла намеснік начальніка Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анікейчык.

На Стаўбцоўшчыне ў мінулым годзе зафіксаваны чатыры няшчасныя выпадкі на вытворчасці з цяжкім зыходам. Трывожна пачаўся і 2019 год: на рабочым месцы была смяротна траўміравана настаўніца. Расследаванне гэтага рэзананснага выпадку яшчэ не завершана. На Міншчыне ў першым квартале бягучага года зарэгістраваны 15 выпадкаў вытворчага траўматызму, што сведчыць пра двухразовае іх павелічэнне.

Вытворчыя траўмы фіксуюцца часцей за ўсё на сельгасвытворчасці. Да ліку найбольш траўміраваных адносяцца вадзіцелі аўтамабіляў, падсобныя рабочыя, слесары-рамонтнікі. Сярэдні ўзрост загінулых – 40 гадоў, пацярпелых – 43 гады, і гэта красамоўна гаворыць пра псіхалагічны аспект праблемы: работнікі гэтага ўзросту лічаць сябе цалкам дасведчанымі і таму абароненымі ад  няшчасных выпадкаў. «Не ўяўляем, як такое магло здарыцца?!.» – не раз даводзілася чуць роспачныя словы ад саміх пацярпелых і сведак, у якіх дастаткова і прафесійнага, і жыццёвага вопыту.

У такіх сітуацыях напрошваецца некалькі высноў: першая – выкананне правілаў бяспекі ні ў якім разе не кампенсуецца стажам работы, другая – не ўсюды спецыялісты па ахове працы да канца выконваюць свае функцыянальныя абавязкі. На жаль, разам з фактамі ігнаравання правілаў аховы працы сустракаецца і некампетэнтнасць некаторых кіраўнікоў, адсутнасць на прадпрыемстве  нарматыўна-прававой дакументацыі. Не зжыта і такое грубае парушэнне, як знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Адказвае на пытанні інжынер па ахове працы РБУ Аляксандр Радомскі

Уваходзіць у практыку заяўленчы прынцып

У першым квартале бягучага года  на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна мабільнай групай было ажыццёўлена 29 рэйдаў, падчас іх выяўлена 470 парушэнняў. Так, на аб’ектах сельгасвытворчасці адсутнічаюць ахоўныя агароджы, разгрузачныя работы вядуцца з дапамогай нявыпрабаванага абсталявання, адсутнічаюць прыямкі, нярэдка да работы дапускаюцца работнікі, якія не прайшлі навучанне ці інструктаж, без сродкаў індывідуальнай абароны. На будаўнічых аб’ектах найбольш частае парушэнне – работа без каскі.

– Усе парушэнні інспекцыяй аналізуюцца, на падставе гэтага выдаём рэкамендацыі, – заўважае Ірына Анікейчык.

Узаемадзеянне інспекцыі і наймальнікаў становіцца больш цесным. Да прыкладу, інспектарамі праведзены абследаванні ўжо двух прадпрыемстваў па заяўленчым прынцыпе. Падобныя маніторынгі набіраюць папулярнасць, таму што прадугледжваюць абмен інфармацыяй, а штрафныя санкцыі пры гэтым не пагражаюць.

Па пытаннях захавання на вытворчасці патрабаванняў пажарнай бяспекі, вытворчай санітарыі і гігіены працы, папярэджання электратраўматызму выступілі інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Сіткевіч, загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка, кіраўнік групы энергаінспекцыі Дзяржэнергагазнагляду Віктар Шлапкоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *