Задачу-мінімум хлебаробы выканалі

Главное Сельская гаспадарка

Веснавую пасяўную кампанію гаспадаркі раёна пачалі сёлета намнога раней, чым летась. Трэба было хутчэй сеяць збожжавыя, бо вільгаці ў глебе накапілася нямнога па прычыне маласнежнай зімы, аднак начныя замаразкі стрымлівалі аграрыяў. У рэшце рэшт, кіраўнікі прынялі кампраміснае, але правільнае рашэнне – сеяць. У дваццатых чыслах сакавіка першымі вывелі ў поле пасяўныя агрэгаты механізатары ААТ «Дзераўное» і «Жацерава», неўзабаве да іх далучыліся і астатнія сельгаспрадпрыемствы.

– Хачу адзначыць, што вясна сёлета не столькі ранняя, колькі неардынарная, – падкрэслівае начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Клаўшун. – Пачаўшы сяўбу ў той сітуацыі, якая складвалася, хлебаробы большасці гаспадарак выйгралі, бо пасеяныя ў сакавіку культуры ўзышлі няблага, хоць перыяд іх прарастання і павялічыўся. Насенне, якое кінулі ў глебу крыху пазней, з-за дэфіцыту вільгаці нават напрыканцы красавіка яшчэ не паказалася з зямлі. Невялікія дажджы ў гэты час прайшлі толькі па паўднёвай частцы раёна. Калі засушлівае надвор’е працягнецца і надалей, то закране і азімыя, якія ўжо раскусціліся. Сітуацыя пакуль не крытычная, але яна выклікае хваляванні за будучы ўраджай.

– А як увогуле прайшла пасяўная?

– Веснавая пасяўная кампанія была не надта напружанай. Усе пастараліся, прытрымліваліся тэхналогіі апрацоўкі глебы і максімальна заправілі яе рознымі відамі ўгнаенняў. Аднак мінеральныя тукі каштуюць нятанна, і назапасіць іх пад поўную патрэбнасць, на жаль, не атрымліваецца. Толькі ААТ «Вялікі Двор» мае магчымасць купіць такую колькасць. Астатнія сельгаспрадпрыемствы кампенсуюць недахоп арганікай, якая ўтрымлівае ўсе неабходныя мікра- і макраэлементы, што дазваляе падтрымліваць ўрадлівасць глебы і вырошчваць неблагія ўраджаі збожжавых і прапашных культур. Пад ураджай бягучага года гаспадаркамі з восені ўнесена ў глебу 220 тысяч тон арганічных угнаенняў – у тры разы больш, чым у папярэдні год, і ўжо звыш 200 тысяч тон кампостаў заарана вясной. Найбольш пастараліся ААТ «Агранёманскі», «Вішнявецкі-агра», «Каганец», «Налібакі Агра» і «Рубяжэвічы», і гэта вялікі плюс, бо арганічныя ўгнаенні, да таго ж, захоўваюць вільгаць, што сёння асабліва актуальна.

Агранамічныя службы гаспадарак правялі сортазмену і сортаабнаўленне збожжавых. Закупілі элітнае насенне ў аб’ёме 15–20 працэнтаў да патрэбнасці. Асноўную частку набылі ў элітгасе «Агранёманскі».

Як і ў мінулыя гады, гаспадаркі аказвалі калегам узаемадапамогу. Працавала на палетках і тэхніка з райаграсэрвіса.

– Мікалай Мікалаевіч, ці змянілася структура пасяўных плошчаў?

– Пасеялі восенню больш азімых збожжавых, якія занялі ў севазвароце14 600 гектараў. Гэтыя культуры штогод аддзячваюць высокай ураджайнасцю. Яравыя, а менавіта ячмень і авёс, у сувязі з тым, што надвор’е стала больш засушлівым, цяпер не радуюць багатымі зборамі. Тэндэнцыя такая назіраецца апошнія пяць гадоў. Пасеяна больш кукурузы. Яна ўстойлівая да засухі, што дазволіць кампенсаваць магчымы недабор збожжа або травяных кармоў. Значна павялічылася плошча пад бульбай у СГФ «Сула» і ТАА «Аграцэнтр Сула».

–  Ці справіліся, на ваш погляд, хлебаробы з пастаўленай на пасяўную задачай?

– Сёння задача-мінімум выканана. Усімі гаспадаркамі закладзены неблагі падмурак пад ураджай бягучага года. Па тэмпах сяўбы вызначылася ААТ «Жацерава». На вышыні па ўсіх параметрах, як і ў мінулыя гады, ААТ «Вялікі Двор». Вылучыліся стараннасцю хлебаробы ААТ «Агранёманскі». Парупіліся, прыклаўшы намаганні, працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы». Палепшылася культура земляробства ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», веснавую сяўбу тут правялі даволі якасна.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *