За камп’ютарам сартавальнай лініі, якая запрацавала пасля мадэрнізацыі на Навасвержанскім лесазаводзе, працуе аператар Аляксандр Блатун (на здымку). Лінія новая не так даўно ўведзена ў строй, таму нюансы дапрацоўваюцца ў працэсе. У змену на ёй можна перапрацоўваць да 200 м3 круглага лесу. Дарэчы, без сыравіннай лініі спыніцца і лінія асноўная, з якой сыходзіць гатовая прадукцыя, пераважная большасць якой адгружаецца на экспарт.
– Аляксандр Блатун – спецыяліст падрыхтаваны, з вопытам абслугоўвання падобных установак замежнай вытворчасці. Такіх спецыялістаў на заводзе можна пералічыць па пальцах, – тлумачыць дырэктар Васіль Дзейчык.
Тэхніка працуе ў адладжаным аўтаматызаваным рэжыме, а ў адносінах да работнікаў – дзейнічаюць свае патрабаванні. У першую чаргу, гэта дысцыпліна, падтрыманне парадку на рабочым месцы. У мінулым годзе вялікая тэрыторыя завода была заасфальтавана. У калектыве памятаюць, што не раз выходзілі на суботнікі і наводзілі парадак. А ў цэлым лесазаводцы бачаць змяненні, што адбыліся на прадпрыемстве за апошні год, параўноўваюць з тым, што было, і, уласна кажучы, не могуць не працаваць добра, з поўнай аддачай.
Новае абсталяванне дазваляе аддзяляць кару з круглага лесу. Пры інтэнсіўнай падачы сыравіны проста на вачах расце гара адходаў. Аднак адходамі кара з’яўляецца толькі ў тэхналагічным ланцужку, а па сутнасці – знаходзіць самае шырокае прымяненне. Так, менавіта на кары і часткова (на 20 працэнтаў) на апілках працуе ўласная кацельня лесазавода. На апілкі захоўваецца вялікі попыт сярод сельгаспрадпрыемстваў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота Васіля ЗЯНЬКО