Удзячнасць за грамадскую работу

Ахова правапарадку Важное

Агульны здымак на памяць

Падведзены вынікі дзейнасці добраахвотных дружын на тэрыторыі раёна за 2018 год.

У мінулым годзе членамі добраахвотных дружын сумесна з супрацоўнікамі міліцыі спынена 58 адміністрацыйных правапарушэнняў. Дружыннікі выходзілі на дзяжурствы ў выхадныя дні, а таксама падчас масавых святаў і гулянняў. Летась адказным экзаменам для іх стаў удзел у забеспячэнні правапарадку падчас святкавання 425-годдзя Стоўбцаў. Найбольшай актыўнасцю вызначыліся добраахвотныя дружыны Стаўбцоўскіх электрасетак, ПМК-233 і філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы», камандзіры і члены якіх і былі адзначаны падзячнымі лістамі і падзякай старшыні райвыканкама. Немалаважна, што сярод адзначаных дружыннікаў ёсць і дружынніцы.

Гэтым заахвочваннем акрэслена роля дружыннікаў у забеспячэнні правапарадку, прававой асвеце, а таксама адрасаваны пасыл іншым прадпрыемствам і арганізацыям раёна: неабходна імкнуцца за тымі, хто паспявае і ў вытворчых справах, і ў грамадскіх.

– Дзякуй за вашу грамадскую работу і грамадзянскую пазіцыю, – зазначыла падчас уручэння падзячных пісьмаў намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая. – Наперадзе нас чакаюць 3 ліпеня і іншыя значныя святы і мерапрыемствы, таму ваша дапамога патрэбная. Просьба – прыцягваць у рады дружыннікаў больш моладзі, – заклікала Жанна Мікалаеўна.

У пытаннях правапарадку і грамадскай бяспекі актуальнае патрабаванне да кожнага з нас – не быць абыякавымі. Думаецца, не лішне спытаць у сябе: «А чым я дапамог? Якая мая роля?»

– У сучасны момант дзейнічаюць сем добраахвотных дружын у райцэнтры і 11 – у сельскай мясцовасці. У іх радах – 112 грамадзян. Акрамя таго, 20 грамадзян з’явілі жаданне быць членамі добраахвотнай дружыны пры аддзеле ДАІ, – зазначае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава. – Для эфектыўнай работы дружын з іх камандзірамі праводзім семінары.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *