Першыя крокі да карпфішынгу

Соцыум

Прадпрымальнік Дзмітрый Слуцкі, які ўзяў у арэнду возера

У лістападзе мінулага года мясцовы прадпрымальнік Дзмітрый Слуцкі ўзяў у арэнду возера ў аграгарадку Заямнае. Справу пачаў з суботнікаў, з элементарнага навядзення парадку, а потым адбылося самае чаканае — зарыбленне возера. «У перспектыве наладзім тут новы для Стаўбцоўшчыны фармар адпачынку», — упэўнены прадпрымальнік. 

Падобная амбіцыйная заява інтрыгуе, аднак пра тое, што за ёй хаваецца, скажам крыху пазней. Перш пазнаёмімся з аб’ектам будучага аматарскага рыбалоўства і яго цяперашнім гаспадаром.

Дзмітрый Слуцкі распавёў, што ў возера выпусцілі адразу больш за 2,5 тоны карпа двух відаў – лускаватага і люстранога, а таксама таўсталобіка. Пасадачны матэрыял закуплены дастаткова падгадаваны, якасны – рыбіны маюць вагу ад 400 грамаў да трох кілаграмаў. У красавіку была запушчана яшчэ адна партыя рыбы агульнай масай каля тоны.

– Зарыбілі – і хвалі пайшлі па возеры. Яно ажыло. За ім прыемна паназіраць, – дзеліцца сваім настроем Дзмітрый.

Сам ён заўзяты рыбак, але найперш параіўся з вопытнымі рыбаводамі. Плануе, што за гэтыя вясну, лета і восень рыба ў возеры падрасце, нагуляе тлушч (у гэтым няма сумнення, таму што возера падпітваюць крыніцы, вада ў ім чыстая, і гэта пацвярджаецца лабараторнымі даследаваннямі), а ўжо ў наступным годзе можна будзе запрашаць аматараў рыбалкі.

Наперадзе ў арандатара нямала работы. Фактычна яму неабходна пачынаць з нуля, таму што заямнаўскае возера доўгі час было нічыйным. Дапамагаюць у навядзенні парадку сябры, знаёмыя. Сваімі сіламі скасілі бур’ян, высеклі кустоўе. Устанавілі інфармацыйныя аншлагі, якія відаць здалёку. Але самае галоўнае – сабралі і вывезлі 35 мяхоў смецця. «І яшчэ будуць суботнікі, – гаворыць Дзмітрый і разважае: – На кожным кроку мы чуем: вылавіў – адпусці, насмяціў – прыбяры, а тут бачым зусім адваротнае».

Падчас зарыблення арандаванага возера

У далейшым для цывілізаванага вырашэння смеццевай праблемы Дзмітрый плануе ўстанавіць на возеры ёмістасці-бочкі. За зіму трэснуў вадасцёк, таму будуць яго ўзмацняць. Вялікія планы – адносна добраўпарадкавання. Прадпрымальнік хоча падрыхтаваць тэрыторыю пад аўтастаянку, аздобіць яе альтанкамі, абсталяваць месцы для рыбалкі і адмысловыя пірсы, што прывабіць аматараў карпфішынгу.

– Будзем ладзіць спаборніцтвы сярод дарослых, падлеткаў. Няхай лепш бавяць час на возеры, чым на вуліцы, – абмовіўся Дзмітрый Слуцкі.

Высветлілася, што не толькі з дапамогай карпфішынгу прадпрымальнік мяркуе стварыць новы фармат адпачынку на Стаўбцоўшчыне. На даны момант ён вядзе сумесную работу з таварыствам інвалідаў, каб зрабіць заямнаўскае возера безбар’ерным і цалкам даступным для інвалідаў-калясачнікаў.

Сапраўды, у маладых і ініцыятыўных – надзвычай сучасны падыход. Рэалізуючы ўласны праект, Дзмітрый разам з жонкай Палінай стварыў сваю групу ў «ВКонтакте».

– Дзмітрый, планы ў вас сур’ёзныя. Галоўнае – каб не апусціліся на паўдарозе рукі…

– Ды не. Я тут вырас. Мне дапамагае бацька, рыбак з вялікім стажам. На філіяле маторнага завода, дзе ён працуе, існуюць добрыя традыцыі адпачынку з вудачкай. Мне хацелася б прыцягнуць моладзь да актыўнага ладу жыцця. Варта развіваць сямейны адпачынак – ён збліжае сям’ю. Для мяне, можна сказаць, справа гонару – зрабіць з возера «цукерачку». Адзіная просьба да мясцовых жыхароў і аматараў рыбалкі – аднесціся з разуменнем, не парушаць патрабаванняў…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

1 комментарий по теме “Першыя крокі да карпфішынгу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *