На базе ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» працуе група па сілавых відах спорту «Сілач» пад кіраўніцтвам Яўгенія Фралова. У групе налічваецца каля 100 удзельнікаў ва ўзросце ад 14 да 60 гадоў. Асноўныя віды практыкаванняў, якія выконваюць спартсмены, – жым лежачы, рускі жым, гіравы спорт, сілавое трохбор’е і да т. п.
У рамках фестывалю «За любімую Беларусь» у пачатку красавіка сілачы прымалі ўдзел у турніры па рускім жыме і станавой цязе памяці воінаў, якія загінулі ў Афганістане, «Сіла народаў». У спаборніцтвах удзельнічалі Аляксандр Кубрын, Данііл Калей, Канстанцін Кізянкоў, Аляксандр Канкаловіч, Алена Лапко. Па выніках турніру ўсе былі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі, атрымаўшы званне кандыдатаў у майстры спорту, а шматдзетная маці Алена Лапко прызнана майстрам спорту міжнароднага класа.
Данііл Калей прыйшоў у групу «Сілач» два гады назад, калі быў у 8 класе. Яго мара – дасягнуць ганаровага звання майстра спорту міжнароднага класа. Гаворачы аб першых уражаннях ад спаборніцтваў, Даніла звяртае ўвагу на тое, што гэта вельмі цікавая, але ў той жа час і адказная справа. Яго пажаданні для ўсіх – займацца спортам і дасягаць пастаўленых мэт.
Канстанцін Кізянкоў, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы, – кандыдат у майстры спорту па рускім жыме. Асноўны рацыён юнака складаецца з мяса-малочных прадуктаў і тых, якія багатыя на вугляводы. У Канстанціна і яго аднагодкаў шмат захапленняў: футбол, баскетбол, рукапашны бой, плаванне. Разважаючы аб будучыні, ён адзначыў наступнае: неабходна здабыць сэнс жыцця і стаць прафесіянальным спартсменам.

Аляксандр Канкаловіч цяпер у 10 класе, займаецца рускім жымам з 11-гадовага ўзросту. Успамінаючы першыя заняткі Аляксандра, трэнер прыгадаў, што перад хлопцам стаяла складаная задача – знізіць сваю вагу. Як адзначыў сам Аляксандр, каб стаць сапраўдным спартсменам, неабходна ўпарта працаваць, трэніравацца кожны дзень. Нягледзячы на тое, што хлопец шмат часу праводзіць у трэнажорнай зале, яго любімымі школьнымі прадметамі з’яўляюцца матэматыка і англійская мова.
За апошнія чатыры гады ўдзельнікі группы «Сілач» дасягнулі значных паказчыкаў: занялі 150 прызавых месцаў, атрымалі званні кандыдатаў у майстры спорту (10 чалавек), майстроў спорту (тры чалавекі) і майстра спорту міжнароднага класа. Неабходна нагадаць, што за дасягненнямі сілачоў стаіць вялікая праца трэнера, які на працягу многіх гадоў займаецца фізічным удасканаленнем і развіццём спартсменаў.
Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара