Соніна вясёлка

Адукацыя Важное

Ужо на працягу месяца ў  фае  ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» працуе персанальная выстава жывапісу «Соніна вясёлка» лаўрэата міжнародных конкурсаў Софіі Пальчэўскай.

Дзяўчынцы ўсяго сем гадоў, але яе можна назваць ужо сапраўдным мастаком. Творчыя здольнасці Софіі, якой тады было ўсяго тры гады, адкрыла настаўнік аддзялення выяўленчага мастацтва Стаўбцоўскай ДШМ Ірэна Зянько. Затым дзяўчынка пачала наведваць народную студыю выяўленчага жывапісу “Раніца”. У цяперашні час Софія з’яўляецца навучэнкай першага класа аддзялення выяўленчага мастацтва Стаўбцоўскай ДШМ (настаўнік – Святлана Калкоўская).

Тэматыка твораў Софіі залежыць у асноўным ад яе настрою. Сама яна гаворыць: «Мае карціны – вясёлыя». Перад тым як стварыць тую ці іншую карціну, дзяўчынка вядзе гутарку з настаўнікам, слухае казкі, музыку, успамінае розныя цікавыя гісторыі. Яе работы – гэта аповед пра чалавека ці падзею, якая адбылася з ім.  Дзяўчынка любіць маляваць людзей, жывёл,  казачных герояў. Вялікую ўвагу надае партрэтнаму жанру. У работах Софіі можна ўбачыць выявы яе маці, дзядулі, дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дамашняга любімца – іаркшырскага тэр’ера Тобіка. Шмат карцін дзяўчынка дорыць. Працэс малявання займае ў Софіі ад гадзіны да некалькіх урокаў. Невычэрпнае жаданне маляваць натхняе юную мастачку на стварэнне цікавых малюнкаў.

Софія ўдзельнічала ў міжнародных конкурсах у Маскве і Калінінградзе. Незвычайныя і цудоўныя карціны, створаныя на кантрасце святла і цені, з першых імгненняў зачароўваюць гледача магутнай энергетыкай, прастатой сюжэтаў і эмацыянальна яркім каларытам. Вобразы для новых карцін Софія чэрпае з акружаючага асяроддзя. У будучым яна марыць стаць мастаком. Персанальная выстава – гэта свята творчасці, яскравая падзея ў жыцці вучаніцы і яе педагога.

Пажадаем юнай мастачцы творчага натхнення і поспехаў.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *