Дзмітрый Янушкевіч увайшоў у склад Рэспубліканскага савета вучнёўскай моладзі

Моладзь Стаўбцоўшчыны

Дзевяцікласнікмаладзёжны актывіст са Стоўбцаў Дзмітрый Янушкевіч – увайшоў у склад Рэспубліканскага савета вучнёўскай моладзі, створанага пры Цэнтральным камітэце грамадскага аб’яднання «БРСМ».

У названым савеце Дзмітрый – намеснік старшыні, а ўвогуле – у ліку тых чатырох школьнікаў, якім пашчасціла прадстаўляць Міншчыну. У Рэспубліканскім савеце самая актыўная моладзь з усёй рэспублікі будзе думаць над пытаннямі матывацыі сваіх равеснікаў да ўдзелу ў грамадскім жыцці, вучыцца самакіраванню і развіваць лідарскія якасці.

У сваёй СШ № 3 г. Стоўбцы Дзмітрый з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ, валанцёрам. Ён прыдумаў казку, уласную творчую праграму, з якой маладзёжныя актывісты выступілі перад наведвальнікамі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Увага і смех гэтых дзяцей, іх воплескі і запрашэнне прыходзіць яшчэ сведчаць пра поспех артыстаў-валанцёраў.

Да слова сказаць, у красавіку раённым камітэтам БРСМ быў арганізаваны «Тыдзень дабра», ці дабрачынны марафон добрых спраў. Падчас яго карэкцыйны цэнтр наведалі  валанцёры СШ № 2 г. Стоўбцы. Яны таксама ад душы пагулялі з дзецьмі і ўручылі ім карысныя падарункі – канцылярскія прылады, дзіцячыя кнігі для рознага ўзросту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *