Напярэдадні свята працы – Першамая, у раённым Цэнтры культуры прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае гэтай гістарычнай даце і 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі. Прафсаюзы аб’ядноўваюць у сваіх радах вялікую колькасць людзей. Ва ўсе часы свайго існавання гэтая грамадская арганізацыя абараняе сацыяльна-эканамічныя інтарэсы працоўных, дабіваецца паляпшэння матэрыяльнага ўзроўню людзей, умоў іх працы і быту.
У зале побач з ветэранамі працы і маладое пакаленне, якое працягвае слаўныя працоўныя традыцыі нашага раёна. Ад імя райвыканкама павіншаваў прысутных са святам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Слесарчык.

Як адзначыў старшыня Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў, практычна на ўсіх прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада і раёна створаны пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах дзесяткі тысяч членаў прафсаюза – гэта вялікая армія працоўных, здольная выконваць пастаўленыя задачы. Юрый Іванавіч узнагародзіў Ганаровымі граматамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сямнаццаць актывістаў прафсаюзнага руху раёна. Самая прадстаўнічая дэлегацыя – аграпрамысловага комплексу. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч заахвоціла адзінаццаць чалавек, стаж работы некаторых з іх складае больш за паўстагоддзе.

Ушанавалі членаў прафсаюза ганаровымі граматамі і падзякамі старшыні: раённага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ірына Гурбо, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сямён Юрчык, прафкама ААТ «Торфабрыкетны завод «Нёман» Віктар Якаўлеў і філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Вольга Мішук. Кожны прафсаюзны лідар адрасаваў прысутным шчырыя словы ўдзячнасці за плённую працу, пажадаў моцнага здароўя і далейшых поспехаў у рабоце.Усяго былі ўзнагароджаны сорак чалавек.
Работнікі раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі для запрошаных на свята цікавую музычную праграму. Напрыканцы ўрачыстасці адбыўся канцэрт ансамбля народнай музыкі і танца «Купалінка».
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара