Ірына Пячынская працуе аператарам машыннага даення ў ААТ «Дзераўное». Стаж яе работы ў таварыстве складае звыш трыццаці гадоў. Апошнія васямнаццаць жанчына рупіцца на малочнатаварнай ферме «Заброддзе». Набыла багаты вопыт у сваёй прафесіі. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай Ірыны Лянгінаўны, якая летась перавысіла чатырохтысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Шчырая і добрасумленная працаўніца прыкладае старанні, каб і ў гэтым годзе дабіцца неблагога паказчыка. За чатыры месяцы прыбаўка да адпаведнага леташняга перыяду склала 193 кілаграмы.