Дзяржаўны судовы медыцынскі эксперт

Главное Медыцына

Ён заўсёды напагатове і ў цэнтры падзей, на пульсе рэальнасці, каб даць аб’ектыўны адказ, па якой прычыне чалавека не стала. 

Дзяжурны тыдзень

– Самае важнае ў нашай рабоце – устанавіць прычыну смерці, судова-медыцынскі дыягназ, – падкрэслівае начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз аддзела медыцынскіх судовых экспертыз – дзяржаўны судовы медыцынскі эксперт Стаўбцоўскага між-раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Дзіяна ГЕРМАН і ўдакладняе: – Смерць – заўсёды загадка… Мы не ведаем яе дакладнай прычыны, калі на целе, умоўна кажучы, няма бачных пашкоджанняў. Усё высвятляецца падчас анатаміравання.

Дзяржаўны судовы медыцынскі эксперт Дзіяна Герман

Бягучы тыдзень для Дзіяны Віктараўны быў дзяжурным. Гэта значыць, што эксперт у складзе аператыўна-следчай групы выязджала на ўсе здарэнні са смяротным зыходам. «Тыдзень выдаўся напружаным», – канстатуе Дзіяна Герман.

Апошні яе выезд быў учора позна вечарам. Па тэлефоне 102 з аднаго з пасёлкаў раёна паступіла паведамленне аб раптоўнай смерці мужчыны. Ён – у яшчэ працаздольным узросце. Экспертам пры аглядзе не выяўлена цялесных пашкоджанняў.

– Гэты выезд быў адносна хуткім, – зазначае эксперт, – а калі выпадак носіць крымінальны характар ці, напрыклад, гэта дарожна-транспартнае здарэнне, якое патрабуе збору слядоў і доказаў, то афармленне дакументаў на месцы здарэння можа расцягнуцца на многія гадзіны.

Ва ўсіх выпадках цела нябожчыка дастаўляюць у морг для далейшага анатаміравання (выключэнне складаюць выпадкі, калі чалавек памірае па старасці і ўрач выдае даведку аб смерці). Сюды трапляюць і тыя, хто памірае ў бальніцы.

У зоне абслугоўвання Стаўбцоўскага міжраённага аддзела знаходзяцца тры раёны: Стаўбцоўскі, Дзяржынскі і Уздзенскі. Дзіяна Герман прыйшла працаваць у аддзел у 2015 годзе. Яе калега, Яўген Трэйсцер, – начальнік аддзела і эксперт з больш чым 30-гадовым вопытам работы. «Яўген Уладзіміравіч падтрымлівае мяне, дзеліцца сваім багатым досведам», – кажа мая суразмоўніца. І, да слова сказаць, у яе таксама ўжо ёсць граматы за высокія працоўныя вынікі.

Дзіяна Герман, урач-эндакрынолаг паводле першай спецыяльнасці, пасля адпрацоўкі ў родных Лельчыцах на Гомельшчыне вырашыла змяніць прафесію. На працягу года яна займалася ў ДУА «Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь». І не шкадуе аб зробленым выбары.

Самае цяжкае – анатаміраваць дзяцей

Жыццё і смерць ідуць паралельна, але пры сутыкненні з апошняй нашы эмоцыі часцей за ўсё не самыя пазітыўныя. А якія яны ў таго, у каго з нябожчыкамі звязана штодзённая работа?

– Змагла так сябе настроіць, што не ўпускаю работу ў думкі, у сямейнае жыццё. Адразу ў мяне не было псіхалагічнага бар’ера, хоць нават мае аднагрупнікі з медуніверсітэта здзіўляліся: «Як ты адважылася?..» Шчыра кажучы, сама ад сябе не чакала падобнага спакою, – прызнаецца  маладая матуля Дзіяна Герман.

Яе не пазнаць, калі адпраўляецца на выкананне анатаміравання. Твар закрывае маска з акулярамі, апранута ў аднаразовы халат з фартухом. На нагах – зменны абутак, на руках – пальчаткі і нарукаўнікі. У гэтай фізічна цяжкай рабоце дапамагае эксперту брыгада санітараў.

Экіпіраваная брыгада перад анатаміраваннем

– Калектыў у нас дружны, – заўважае Дзіяна Віктараўна. – Нашы санітары пры неабходнасці надаюць нябожчыку такі выгляд, за які родныя выказваюць удзячнасць. Пры даволі напружаным графіку выконваем анатаміраванне на наступны дзень пасля смерці, каб родныя не хваляваліся і маглі арганізоўваць пахаванне.

– Якія сучасныя даследаванні дапамагаюць разгадаць таямніцу той ці іншай смерці?

– Адпраўляем кавалачкі ўнутраных органаў на гісталагічнае і хімічнае даследаванні ў лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Абавязкова бяром кроў і мачу на ўтрыманне этылавага спірту. Вынікі экспертыз становяцца вядомымі на працягу 30 дзён. На іх падставе, а таксама  анатаміравання эксперт складае судова-медыцынскі дыягназ і, пры неабходнасці, адказвае на пытанні, якія задае ў пастанове следчы.

Увогуле ў 80 працэнтах выпадкаў прычына смерці – не гвалтоўная. Забіраюць жыцці розныя інфекцыі (пнеўманія, туберкулёз, ВІЧ і інш.), але часцей за ўсё – захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Апошнім часам пры анатаміраванні яшчэ нестарых мужчын знаходзім у іх застарэлыя ачагі інфаркту, якія зажылі самі па сабе, без лячэння. Родныя кажуць пра нябожчыка: пры жыцці ён ні на што не скардзіўся. Таму і атрымліваецца: днём быў на рабоце, а вечарам – яго не стала…

– У вашай практыцы былі цяжкія выпадкі?

– Самае цяжкае – анатаміраваць дзяцей… Яны былі рознага ўзросту. Памерлі ў выніку няшчаснага выпадку, траўмы падчас родаў, раптоўна…

Эксперта выклікалі ў суд

У размове Дзіяна Герман развенчвае многія стэрэатыпы, якія склаліся адносна работы ў моргу. Пах?.. Да ўсяго прывыкаеш. Памяшканне халоднае, прыгнятальнае?.. Ды не, яно светлае, абкладзенае пліткай, зімой ацяпляецца, з вялікім секцыйным сталом, на якім зручна працаваць. «Нябожчыкі не сняцца», – апярэджвае маё пытанне эксперт.

Закранаем і тэму аб’ектыўнасці заключэнняў эксперта.

– Усе заключэнні праходзяць праверку, ажыццяўляецца іх кантроль і маніторынг з боку вышэйстаячых органаў. Нават у складаных выпадках (да прыкладу, калі труп шкілеціраваны) эксперт не застаецца сам-насам – абавязковыя кансультацыі з больш вопытнымі спецыялістамі. Нельга нічога ўтаіць, таму што ўсе цялесныя пашкоджанні эксперт апісвае і фатаграфуе, – дзеліцца асаблівасцямі сваёй работы Дзіяна Герман.

Уласныя вывады эксперту нярэдка прыходзіцца адстойваць у судзе, адказваючы на пытанні пракурора, суддзі, адвакатаў. У яго, дарэчы, акрамя анатаміравання, значны аб’ём работы звязаны з устанаўленнем ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў фізічных асоб. Людзі звяртаюцца для абследавання пасля пабояў, боек, траўмаў на вытворчасці і да т. п.

Паміж работай і сям’ёй

– Жыву ў такім рытме, што не заўважаю, як праходзіць тыдзень, – прызнаецца Дзіяна Герман. – Работа – дом – сям’я… Калі ёсць свабодная мінутка, з ахвотай працую ў агародзе, на кветніку. Люблю пачытаць у інтэрнэце навіны… Многія знаёмыя не разумеюць: «Як, у вас няма тэлевізара?!.»

– Аб чым вы марыце?

– У жыцці самае галоўнае – каб была здаровай сям’я. На рабоце – выконваць свае службовыя абавязкі на належным узроўні. Работа ў мяне няпростая, адказная, але і цікавая. Эксперту нельга без падручнікаў і абнаўлення ведаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *