Дапамагаць тым, за кім не стаяць «мамкі-нянькі»

Грамадства Нумары

Тэрытарыяльным цэнтрам праводзіцца адказная работа па сацыялізацыі маладых людзей з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

На гэты раз спецыяліст цэнтра Сяргей Есіс запрасіў іх у псіхалагічную гасцёўню – за круглы стол, каб аказаць неабходную інфармацыйную, прававую і кансультацыйную дапамогу, не пакінуць, зразумела, без слоў маральнай падтрымкі. На сустрэчу былі запрошаны кампетэнтныя спецыялісты – начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава, в. а. начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Наталля Карп і начальнік аддзела рознічнага бізнесу ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк» філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Аксана Цярэшка.

Маладыя людзі задавалі ім пытанні, з якімі сутыкнуліся ў паўсядзённым жыцці. Яны былі самага рознага характару. У прыватнасці, як аформіць шлюбны дагавор і якія юрыдычныя наступствы так званага сужыцельства, што рабіць, калі згублена пасведчанне аб нараджэнні, як аформіць пашпарт для выезду за мяжу, як перавезці блізкіх, калі яны – не грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і т. п.     

Безумоўна,  «падказка» з першых вуснаў дапаможа ім пазбегнуць недарэчнасцяў, жыццёвых памылак.

Сацыялізацыя маладых людзей, за якімі, як правіла, не стаяць «мамкі-нянькі», заключаецца не толькі ў запаўненні інфармацыйнага вакуума, а і ў жаданні навучыць іх кантактаваць з людзьмі, пазбягаць канфліктаў і ўмець з іх выходзіць. Гэта залатое правіла ўваходжання ў соцыум, пошук кампрамісаў, праяўленне дабрачыннасці і ўдзячнасці, дзейнічае для ўсіх і на кожным кроку.

Была выказана падзяка  дырэктару Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» Сяргею Прасмыцкаму, які пайшоў насустрач і выдзеліў  удзельнікам сустрэчы падарункі – набор вітаміннай прадукцыі, вырабленай на філіяле.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *