Вайна ў сямейнай гісторыі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное

Зусім нямнога часу аддзяляе нас ад юбілейнай даты – 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аб адным з салдат вайны я хачу расказаць. У аграгарадку Дзераўная адна з вуліц носіць імя майго прадзядулі Панамарова Аркадзя Мікалаевіча. Яго імем названа піянерская дружына ў Дзераўнянскай сярэдняй школе.

За што ж землякі-аднавяскоўцы аказалі яму такую павагу і свята шануюць яго памяць, хоць прадзядулі Аркадзя вось ужо амаль 45 гадоў няма ў жывых?  Адказ на гэтае пытанне крыецца ў яго жыццёвай біяграфіі. Нарадзіўся Аркадзь Мікалаевіч у вёсцы Інгулка Прывольненскага раёна Мікалаеўскай вобласці ва Украіне. Яму споўнілася роўна 29 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, якую ён сустрэў палітруком артылерыйскай батарэі палка, які ўваходзіў у склад Літоўскага нацыянальнага корпуса. Вораг імкліва наступаў, і яго воінская часць у пачатку вайны апынулася ў варожым асяроддзі. Здзейсніўшы смелы, дзёрзкі прарыў, малады палітрук з групай байцоў апынуліся на тэрыторыі Віцебскай вобласці і ўступілі ў партызанскі атрад.

Улетку 1942 года Аркадзь Мікалаевіч на чале партызанскага атрада «Спартак» колькасцю 75 чалавек быў накіраваны ў заходнія раёны Віцебскай і Мінскай абласцей для далейшага разгортвання партызанскага руху. Да лета 1943 года атрад значна папоўніў свае рады і вырас у партызанскую брыгаду з ранейшай назвай колькасцю больш за 400 чалавек. Камандзірам брыгады па-ранейшаму заставаўся Аркадзь Панамароў.

Панамароў Аркадзій Мікалаевіч

На працягу 1943 года «спартакаўцы» праводзілі актыўныя дзеянні па знішчэнні жывой сілы і тэхнікі ворага. Дзёрзкія рэйды ў тыле ворага, напад на фашысцкія гарнізоны, паліцэйскія ўчасткі, удзел у «рэйкавай вайне», якая шырока разгарнулася на акупіраванай тэрыторыі нашай рэспублікі. Партызанскім атрадам знішчана больш за дзясятак варожых гарнізонаў. У хроніцы баявых дзеянняў брыгады – знішчэнне дзясяткаў кіламетраў чыгуначнага шляху на ўчастках Вільня – Даўгаўпілс, Варапаева – Кругляўшчына, 11 складоў, больш чым 15 кіламетраў лініі сувязі. Шмат іншых рашучых і смелых баявых аперацый у паслужным спісе байцоў брыгады. Да прыходу Чырвонай Арміі ў пачатку ліпеня 1944 года «спартакаўцы» вызвалілі ад ворага і ўтрымлівалі райцэнтры Відзы, Дзісну і літоўскі Твярачус. Асноўным месцам дыслакацыі брыгады былі Пастаўскі, Відзоўскі і Браслаўскі раёны. На беларускай і літоўскай зямлі мацнела інтэрнацыянальнае баявое брацтва. Пасля заканчэння вайны Аркадзь Мікалаевіч некаторы час займаўся кіруючай гаспадарчай працай, узначальваў калгас імя Ф. Э. Дзяржынскага ў былым Івянецкім раёне. Завочна закончыўшы педінстытут, у 1961 годзе перайшоў на педагагічную працу ў Дзераўнянскую  сярэднюю школу: спачатку настаўнікам гісторыі, а з 1965 года – дырэктарам.

За баявыя заслугі перад Радзімай ён узнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны І ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І і ІІ ступені, «За перамогу над Германіяй».

У пасляваенныя гады ў розны час атрымаў медалі «Ветэран працы», «За доблесную працу», «20 гадоў Перамогі», «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «50 гадоў Узброеным Сілам СССР».

28 снежня 1974 года прадзядулі Аркадзя раптам не стала. Пахаваны ён на могілках у вёсцы Дзераўная. Светлая памяць пра яго свята захоўваецца ў сэрцах родных і блізкіх, землякоў. Магіла пастаянна дагледжаная, і ў гэтым немалая заслуга піянераў дружыны імя А. М. Панамарова.

У дзень смерці некралог аб бясстрашным воіне і цудоўным чалавеку падпісалі П. М. Машэраў, Ф. А. Сурганаў, І. Ф. Клімаў, І. Я. Палякоў і іншыя кіраўнікі партызанскага руху ў Беларусі, дзяржаўныя дзеячы. Партызанскія шляхі-дарогі майго прадзядулі і многіх з гэтых людзей часта перасякаліся ў гады вайны на землях Віцебшчыны. Ён блізка быў знаёмы з П. М. Машэравым, І. Ф. Клімавым. Апошні прысутнічаў на пахаванні.

Мой тата Аркадзь Уладзіміравіч Панамароў імя атрымаў у спадчыну ад свайго дзядулі. Тата займаецца самай мірнай прафесіяй. Ён ляснічы Кляцішчанскага лясніцтва: вырошчвае і ахоўвае лес.

Кожны раз, праходзячы па вуліцы Аркадзя Панамарова, я перажываю пачуццё гонару за майго легендарнага прадзеда, за ўвесь род Панамаровых, прадаўжальніцай якога з’яўляюся.

Паліна ПАНАМАРОВА, вучаніца Дзераўнянскай сярэдняй школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *