У велікодных традыцыях

Культура

У Велікодныя дні пад кіраўніцтвам метадыста раённага Цэнтра культуры Людмілы Віцько ў раёне быў праведзены Тыдзень традыцыйнага мастацтва.

У клубных установах раёна прайшлі майстар-класы, былі прадэманстраваны народныя абрады. Як у Дзераўнянскім цэнтры культуры, дзе была паказана абрадавая велікодная праграма «Вялікі Дзень». У гэтай установе культуры працавала апетытная выстава велікодных кулічоў і фарбаванак. У тыдні традыцыйнага мастацтва прыняла ўдзел вясковая майстрыха Часлава Бербаш з Падляскоўя. У сваім доме, інтэр’ер якога аздоблены шыкоўнымі вышыўкамі, Часлава Міхайлаўна правяла майстар-клас па вышыўцы.

Мастацкі кіраўнік Засульскага дома культуры Валянціна Кулік – умелая майстрыха па вязанні, аб чым засведчыла выстава аўтарскіх работ. У гэтым доме культуры, як і ў іншых, падчас тэматычнага тыдня адбыўся майстар-клас па роспісе велікодных яек.

Работнікі Горкаўскага дома культуры прадставілі выставу «Чароўны кошык», быў праведзены майстар-клас «Велікодная пісанка». А яшчэ з удзелам дзяцей культработнікі падрыхтавалі выдатнае тэатралізаванае прадстаўленне «Пасхальная казка».

У Слабадскім клубе-бібліятэцы вялікую цікавасць мелі майстар-класы па роспісе велікодных яек і па пляценні беларускіх паясоў. Аўтарская выстава «Пасхальны ручнік» мясцовай вышывальшчыцы Надзеі Аляшкевіч паказала, якім нацыянальным багаццем з’яўляецца гэты від творчасці. «Са святым Вялікаднем вітаем» – так называў велікодны абрад, з якім дзеці, члены гурткоў клуба-бібліятэкі, абышлі ўсе дамы аграгарадка Слабада. Іх вельмі гасцінна віталі і шчодра частавалі.

«Пасхальны куфэрак» прадставілі работнікі Навасвержанскага дома культуры. Як заўсёды, была багатай выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў велікодных традыцыях у Стаўбцоўскім раённым цэнтры народнай творчасці. Былі прадстаўлены персанальныя выставы: у тэхніцы джутавай філіграні – дырэктара цэнтра Марыны Халецкай і вырабы з газетных трубачак – Юліі Бельскай. У Наваколасаўскім цэнтры культуры арганізавалі выставу ткацтва і вышыўкі. Майстрыха Ніна Іванова правяла майстар-клас.

Лаўрэат адкрытага абласнога конкурсу «Велікодная пісанка» Іна Дошчачка дала майстар-клас па роспісе велікодных яек у тэхніцы драпанкі ў раённым Цэнтры культуры. А Людміла Віцько правяла майстар-клас па ткацтве беларускіх паясоў на бёрдзе.

Тыдзень традыцыйнага мастацтва ў поўнай красе паказаў, як можна аздобіць Велікодныя святы – і сваім светлым настроем, і вырабамі па даўніх народных традыцыях, і вяртаннем абрадаў, чым спрадвеку была адметная атмасфера гэтых святых дзён.                  

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *