Нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне

Главное Год малой родины

ЧЛЕНЫ САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Мікола Міхайлавіч АДАМ (Мікола АДАМ) – беларускі паэт, празаік, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2016).

Нарадзіўся 8 студзеня 1978 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. У дзіцячым узросце з бацькамі выехаў у Казахстан (горад Шахцінск Карагандзінскай вобласці) і да 1992 года там пражываў. Скончыў Мікалаеўшчынскую СШ імя Я. Коласа (1995), філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта (2000), факультэт культуралогіі, аддзяленне кінадраматургіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (2005).

Працаваў спецкарэспандэнтам газеты «Культура» (1997–1998), транспарціроўшчыкам афсетнага цэха Дома друку (2001), загадчыкам пастановачнай часткі Тэатра-студыі кінаакцёра (2002–2003),  рэжысёрам Капыльскага раённага Дома культуры, дзе заснаваў  тэатральную студыю «Непаседа» (2005–2007), рэжысёрам Стаўбцоўскага раённага дома культуры (2007–2008), адказным сакратаром часопіса «Акно» (2008–2010), грузчыкам (2010–2012), стыльрэдактарам у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» (2012–2014), «Рэгістр» (2014–2015).

У 2016 годзе цалкам пераключыўся на літаратурную дзейнасць. Першыя вершы надрукаваў у 1995 годзе (часопіс «Першацвет»). Аўтар паэтычных зборнікаў «Калыханка для каханай» (2001), «Під лацканами споминів» (2018,  пераклад на ўкраінскую мову).

Празаічныя творы друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Акно», літаратурных газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Наша Ніва», расійскім альманаху «Петербургские строфы», калектыўных зборніках выдавецтва «Мастацкая літаратура» «Кахаць і верыць» (2013), «Пад зоркай кахання» (2015), «Скажы, што кахаю» (2018).

Аўтар кніг прозы «Каждому свой ад» (2013), «Шоўк» (2013, намінацыя на прэмію Гедройца), «Гульня ўяўлення» (2017, намінацыя на прэмію Гедройца), раманаў «Мыла. Беларускі раман» (2000), «Прывітанне, Даша!» (2016), «Хронікі Беларутэніі» (2017), «Інтанацыі» (2018), «…І прыдбаў гэты дом» (2018).

Перакладае з украінскай мовы на беларускую, на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» выступае з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі. Жыве ў вёсцы Мікалаеўшчына.

 

Алесь ГАРА (Аляксандр Аляксандравіч АЛЯШКЕВІЧ) – беларускі пісьменнік-фантаст, настаўнік музыкі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005). Нарадзіўся 14 ліпеня 1958 года ў вёсцы Вечатарова Залужскага сельсавета Стаўбцоўскага раёна.

Скончыў Залужскую сярэднюю школу (1975), Лідскае музычнае вучылішча па класе баяна (1981),  факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1990).

Служыў ва Узброеных Сілах (1976–1978).

Працуе выкладчыкам музыкі па класе баяна ў Наваколасаўскай школе мастацтваў з 1981 года па цяперашні час.

Першае апавяданне «Чорная дзірка»  пабачыла свет у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (1989). Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Нёман», «Першацвет». Шэраг навел і апавяданняў выдаваліся ў зборніках выдавецтва «Мастацкая літаратура» серыі «Вера, Надзея і Любоў».

Аўтар кніг прозы «Д’яблава мора» (1994), «Чорная дзірка» (выданне ажыццёўлена пры фінансаванні з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2001),  «Дзеці зорак» (2009), «Сіняя птушка» (2010),  «Гэта самотная зорка Венера» (2014).

Раман на рускай мове «Золотые апостолы Радзивилловские» (2012) акрамя Мінска быў надрукаваны ў Маскве і Кіеве.

Да друку ў дзяржаўным выдавецтве рыхтуюцца новы гістарычны раман «Замкавая гара» і кніга пра каханне «Нявеста ваўкалака».

Жыве  ў пасёлку Наваколасава.

 

ВІКТАР ВАЦЛАВАВІЧ САБАЛЕЎСКІ – беларускі паэт, пісьменнік, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2009), член Беларускага саюза журналістаў (1986), нарадзіўся 7 красавіка 1961 года ў вёсцы Марозавічы Рубяжэвіцкага сельсавета на Стаўбцоўшчыне.

Скончыў Рубяжэвіцкую СШ (1978), факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта (1983).

Працаваў у Стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень» карэспандэнтам (1983–1987), адказным сакратаром (1987–1988), ва Уздзенскай раённай газеце «Чырвоная зорка» намеснікам рэдактара (1988–2001),  рэдактарам  (2001–2015), адказным сакратаром (2015–2017), пасля далучэння да «Мінскай праўды» працуе карэспандэнтам.

Першыя заметкі былі надрукаваны ў 1976 годзе ў рэспубліканскіх дзіцячых газетах «Піянер Беларусі» (цяпер – «Раніца») і «Зорька», вершы – у Стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень» у 1978 годзе.

З 1991 года з’яўляецца кіраўніком Уздзенскага раённага літаратурнага аб’яднання «Нёманец».

Узнагароджаны падзячнымі пісьмамі міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2012), падзякамі старшыні Мінскага аблвыканкама  (2002, 2007), старшыні Уздзенскага райвыканкама (2017), граматай ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (2011), Дыпломамі Выдавецкага дома «Звязда» (2014, 2016, 2018), ганаровымі граматамі Беларускага саюза журналістаў (2011).

Атрымальнік дыпломаў лаўрэата рэспубліканскага творчага конкурсу «Да 100-годдзя пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» (2018), Нацыянальнага фестывалю беларускай байкі (1996), Мінскага абласнога фестывалю гумару «Я – пякучка-крапіва» (2006).

Фіналіст міжнароднага літаратурнага конкурсу «Славянская ліра – 2018». Аўтар кніг «Чабаровая паляна» (1994, вершы), «Абранніца» (1997, лірыка), «Пра бабу Маню, дзеда Васіля і іншых» (2003, вершаваныя гумарэскі, фельетоны, пераклады з У. Высоцкага), «Я ўдзячны лёсу» (2008, аўтабіяграфічная споведзь), «Табою я жыву» (2014, лірыка кахання), «Бясцэнны скарб» (2016, краязнаўчыя нарысы, эсэ, артыкулы), «Была нядзеля, і мы дудзелі» (2018, сатыра, гумар, байкі, публіцыстыка).

Друкаваўся ў калектыўных зборніках  «Зямля мая, край маляўнічы» (1993),  «Край мой там, дзе Нёман льецца» (1994), «Бацька наш Нёман» (2001), «Звіні, наднёманская ліра» (2003), «Мацярынскае поле»  2006), «Жыве між нас крапівінскае слова» (2006), «Міншчына літаратурная» (2014), «Па праву жывога» (2014), «Помнім. Славім. Ганарымся» (2014), «Радзіма. Адзінства. Перамога» (2015), «Зачараваны Беларуссю» (2016), «Бачу Беларусь такой» (2018), у літаратурным альманаху «Сфера притяжения», г. Шатура Маскоўскай вобласці (2014–2018).

Жыве ў г. п. Узда Мінскай вобласці.

Падрыхтавала Марыя СТАНКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *