Для каго спявала скрыпка

Грамадства Нумары

Вельмі тэатральна і эмацыянальна прайшло чарговае пасяджэнне клуба пажылых людзей «Гады – не бяда»  ў тэрытарыяльным цэнтры.

Каб зрабіць яго святочным,  незабыўным прысвячэннем «самым любімым і дарагім», вядучы Сяргей Есіс «запазычыў» творчую ідэю адкрыцця сочынскай Алімпіяды. Па аналогіі, гэта быў россып, феерверк розных відаў мастацтваў і яркіх прадстаўленняў, прасякнутых любоўю да жанчыны і – што запатрабавала асаблівых намаганняў – створаных у невялікай актавай зале. Натхнёныя і неўтаймоўныя харэаграфічныя нумары змяняла паэзія, гучала на ўсю моц класічная музыка, розныя песні… Дапамаглі з гэтым таленавітыя вучні і педагогі Стаўбцоўскай школы мастацтваў, а таксама баяніст хору Навасвержанскага цэнтральнага дома культуры Мікалай Галянко, які суправаджаў конкурсную праграму. Прысутныя, адгадваючы песні, з ахвотай спявалі і адчувалі сябе не проста жанчынамі, а зоркамі-артысткамі. Метадычную падтрымку ў правядзенні гэтага свята аказала даўні сябар клуба – хармайстар Навасвержанскага цэнтральнага дома культуры Ала Янская.

Што за дзеці здзівілі ўдзельнікаў клуба сваёй творчасцю? Кірыл Фянько, Дзіяна Шуцько і Сяргей Міткевіч пранікнёна чыталі вершы пра маму. Некалькі  кампазіцый падарыла баяністка Кацярына Ігнатовіч. Танцавалі Дар’я Бабко, Аляксандра Мазур, Вераніка Гушчонак. Са сваімі нумарамі выступілі Мілана Бондарава, Лера Каваленка, Андрэй Жук, Эвяліна Стула, дзіцячы хор «Верасень» і педагог Аксана Каратыш. А ансамблю скрыпачоў зала дзякавала авацыямі, стоячы.

Дзякуючы спонсарам – індывідуальнаму прадпрымальніку Іне Пяткевіч і прыватнаму прадпрыемству «Гном-сэрвіс» – удзельнікі клуба атрымалі да свята памятныя сувеніры.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *