У Стаўбцоўскай ДШМ прайшоў рэгіянальны конкурс «Сымонкавы нашчадкі»

Культура

Стаўбцоўшчына – радзіма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, пісьменніка, акадэміка Язэпа Лёсіка. Тут жыў паэт Уладзіслаў Сыракомля, пачыналі свой творчы шлях Генрых Далідовіч, Алесь Камароўскі, Казімір Камейша,  Мікола Маляўка, Яўген Хвалей і іншыя. Таму менавіта наш край стаў сцэнічнай пляцоўкай для правядзення  V Адкрытага рэгіянальнага конкурсу «Сымонкавы нашчадкі», які адбыўся 17 мая 2019 года на базе Стаўбцоўскай ДШМ.

Узорны ансамбль народнай музыкі і песні «Каласкі» (Наваколасаўская ДШМ)

У пачатку адкрыцця конкурсу прагучала песня-гімн, якую напісалі Яўген Ціхановіч і Іван Курбека, у выкананні ўзорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі». З кожным годам конкурс набірае папулярнасць і з’яўляецца знакавай падзеяй у культурным жыцці горада і рэгіёна. Сёлета ў ім прынялі ўдзел амаль 60 юных выканаўцаў са Стаўбцоўскага, Клецкага, Чэрвеньскага, Карэліцкага раёнаў. Таленавітыя і ўлюблёныя ў музыку, родную мову  і тэатральнае мастацтва падлеткі ў творчай барацьбе падаравалі ўсім прысутным прыемныя моманты і добры настрой.

Сольнае выкананне Варвары Гарэлых (Старасвержанская ДШМ)

У склад журы конкурсу «Сымонкавы нашчадкі» ўваходзілі: дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, салістка народнага вакальнага ансамбля «Берагіня» Ірына Пазняк,  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Стаўбцоўскага райвыканкама Дзмітрый Слесарчык, выкладчык цыклавой камісіі народнага хору Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Дзівосы», магістр мастацтвазнаўства Таццяна Нішкевіч, вядучы метадыст па тэатральным мастацтве Мінскага абласнога цэнтра народнай творасці Ала Ганецкая, загадчык філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» Аркадзь Казякоўскі.

Член журы Ала Ганецкая ўручае дыплом ІІ ступені Ягору Андрыкаўцу (Рубяжэвіцкая СШ)

Вітаючы ўдзельнікаў конкурсу, Дзмітрый Слесарчык адзначыў: «Гэты конкурс – значная падзея ў культурным жыцці нашага раёна. Прыемна бачыць, што да яго пачалі далучацца нашы суседзі, і, магчыма, ужо ў наступным годзе, ён набудзе статус абласнога». Старшыня журы Ірына Пазняк прыгадала гісторыю ўзнікнення гэтага конкурсу і пажадала поспехаў усім удзельнікам мерапрыемства. Аркадзь Казякоўскі ў сваім выступленні звярнуў увагу на важнасць развіцця дзяцей і падлеткаў праз павышэнне ў іх цікавасці да нацыянальнай літаратуры, музыкі і мастацтва.

V Адкрыты рэгіянальны конкурс «Сымонкавы нашчадкі» праходзіў у трох намінацыях: «Ансамблевае выканальніцтва», «Сольнае выканальніцтва», «Мастацкае чытанне».  Канкурсанты выконвалі рознахарактарныя беларускія народныя песні альбо іх апрацоўкі.  У намінацыі «Мастацкае чытанне» кожны ўдзельнік прадстаўляў конкурсную работу (маналог, літаратурную кампазіцыю, паэтычны аповед, урывак з твора).  Асноўная мэта конкурсу – выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей, далучэнне іх да вытокаў спадчыны. Праз развіццё мастацкіх і артыстычных здольнасцяў удзельнікаў, іх інтэлектуальнага патэнцыялу конкурс «Сымонкавы нашчадкі» набыў непаўторны каларыт і рознабаковы характар.

Уладальніца гран-пры Хрысціна Качановіч разам са сваёй настаўніцай Галінай Грэкавай (Старасвержанская ДШМ)

Пасля пачалася напружаная  работа членаў журы,  якім неабходна было вызначыць узровень выканальніцкага майстэрства кожнага ўдзельніка. Для ўсіх прысутных салісты і навучэнцы тэатральнага аддзялення Стаўбцоўскай ДШМ падрыхтавалі святочны канцэрт. З хваляваннем і надзеяй усе чакалі вынікаў. Вялікую колькасць шчырых  слоў удзячнасці за талент і любоў да мастацтва пачулі ў свой адрас усе ўдзельнікі конкурсу «Сымонкавы нашчадкі».

– Спадзяёмся, сёння вы набылі шмат уражанняў  і вопыту, што дапаможа вам дасягнуць новых вяршынь у  вакальным і тэатральным мастацтве. А ў пераможцаў гэты дзень пакіне яркі след, – падкрэсліла старшыня журы Ірына Пазняк.

Маргарыта Дубкова (Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці) з членамі журы Дзмітрыем Слесарчыкам і Ірынай Пазняк

Па выніках конкурсу, шмат пераможцаў са Стаўбцоўскага раёна. Так, дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны: узорны ансамбль народнай музыкі і песні «Каласкі», Маргарыта Сінянкова, Кацярына Дземідовіч, Яўгеній Кульша, Марыя Тэрзі, Анастасія Макась.

Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны: узорны ансамбль народнай  песні «Вясёлы падворак», ансамбль народнай песні «Стаўбчаначка», Софія Кубрына, Валерыя Слука, Ягор Андрыкавец, Надзея Грыгарцэвіч, Варвара Гарэлых, Вера Аляшкевіч.

Дыпломам І ступені ўзнагароджаны: узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі», Максім Макарэвіч, Максім Грыб, Максім Губанаў, Софія Гарбар.

Спецыяльны дыплом «За творчы дэбют» у намінацыі «Сольнае выканальніцтва» атрымала вучаніца Старасвержанскай ДШМ Вера Аляшкевіч, спецыяльны дыплом «Зорачка Мельпамены» ў намінацыі «Мастацкае чытанне» атрымала вучаніца Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Маргарыта Дубкова.

Гран-пры атрымала навучэнка Старасвержанскай  ДШМ Хрысціна Качановіч,  рыхтавала яе да конкурсу настаўніца тэатральнага аддзялення Галіна Грэкава. Віншуем  пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу. Творчага натхнення і новых перамог.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *