Старшыня Літвенскага сельвыканкама расказаў аб праблемах, з якімі прыходзіцца сустракацца

Важное Сельская гаспадарка

Старшыня сельвыканкама – гэта аўтарытэтны чалавек, які карыстаецца павагай сярод людзей. Прадстаўнік дзяржаўнай улады курыруе пытанні жыццядзейнасці насельніцтва, сацыяльную сферу і ведае на сваім участку ўсё да дробязяў. Тадэвуш Галавач не першы год займае пасаду старшыні Літвенскага сельвыканкама і прыкладае старанні, каб усе набалелыя праблемы паспяхова вырашаліся. Мы папрасілі Тадэвуша Яўгеньевіча расказаць аб некаторых аспектах сваёй дзейнасці і тых праблемах, з якімі яму прыходзіцца сустракацца.

– Тадэвуш Яўгеньевіч, пачнём з таго, што на першае месца сёння ставіцца бяспека грамадзян. Якія захады прымаюцца сельвыканкамам для таго, каб жыццё людзей было больш камфортным і бяспечным?

– У нашым сельвыканкаме праводзіцца ў даным напрамку немалая работа. Створана і працуе аглядавая камісія, дзейнасць якой накіравана на папярэджанне пажараў у жылым сектары. Дзякуючы таму што вялікую ўвагу ўдзяляем абследаванню домаўладанняў грамадзян, праверылі больш за палову, колькасць узгаранняў зменшылася. Аднак не ўсе яшчэ ўсвядомілі небяспечнасць выпальвання сухой травы, сёлета зафіксаваны два такія выпадкі. Рэгулярна праводзяцца сходы з удзелам прадстаўнікоў раённых службаў. Дзейнічае савет грамадскага пункта аховы правапарадку. На пасяджэннях акрамя прафілактычнай работы з грамадзянамі, якія стаяць на розных відах уліку, абмяркоўваюцца праблемныя пытанні бяспекі жыццядзейнасці жыхароў сельсавета, здзейсненых правапарушэнняў, прымаюцца меры па іх ухіленні. Не ўпускаем з поля зроку і такую небяспечную хваробу, як афрыканская чума свіней. Нагадваем людзям, каб абавязкова выконвалі санітарныя правілы ўтрымання жывёлы.

– Якая работа праводзіцца па добраўпарадкаванні тэрыторыі? Ці існуюць у гэтым плане праблемы?

– Працуем у даным напрамку ў цесным узаемадзеянні са старастамі вёсак. Яны надзейныя нашы памочнікі, аказваюць дапамогу ў своечасовым вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць непасрэдна на месцах.

На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца сем помнікаў і воінскіх пахаванняў. Сёлета, як і ў мінулыя гады, праведзена іх добраўпарадкаванне вучнямі і настаўнікамі  Рочавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу і Цясноўскай сярэдняй школы, рамонт – мясцовымі сельгаставарыствамі «Рочавічы» і «Радзіма Дзяржынскага». За бюджэтныя сродкі ў Дзяўгах і былой вёсцы Шпакі агарадзілі пахаванні бетонным плотам. Наводзіць парадак у населеных пунктах і на могілках, якіх налічваецца пятнаццаць, дапамагаюць жыхары.

Сёлета паставілі і пафарбавалі драўляны плот ля дома, які пустуе.

Сочым за своечасовым абкошваннем тэрыторый. Мясцовыя жыхары ў пераважнай большасці ідуць нам насустрач і наводзяць парадак вакол сваіх домаўладанняў. Аднак ёсць і такія, каму прыходзіцца пастаянна пра гэта нагадваць. Цэнтральныя вуліцы заўсёды маюць належны выгляд. Аднак з абкошваннем травы ўвогуле будзе справіцца складана, бо ў наяўнасці толькі адзін трымер. Работу гэтую выконвае чалавек, які аформлены па дагаворы. Існуе праблема з вывазам смецця. Не хапае кантэйнераў. Ёсць яны толькі ў дзесяці з сарака аднаго населенага пункта.

Разам з землеўпарадкавальнай службай раёна працягваем займацца  адчужэннем участкаў, якія не апрацоўваюцца людзьмі, і перадаём іх на баланс мясцовых сельгаспрадпрыемстваў. Такім чынам, выконваем пастаўленую беларускім урадам задачу – выкарыстоўваць у севазвароце ўсе землі, якія пустуюць. Спілоўваем аварыйныя дрэвы.

– А як справы з пустымі і струхнелымі дамамі?

– У сельвыканкаме акумулявана ўся інфармацыя аб струхнелых і пустых дамах. За шэсць апошніх гадоў знесена 41 струхнелая хата. Спадчыннікам пустых домаўладанняў накіроўваем пісьмовыя паведамленні, каб наводзілі і падтрымлівалі парадак на ўчастках і вакол дамоў. Калі ж гаспадар не знаходзіцца наогул, то такія дамы па рашэнні суда перадаюцца сельвыканкаму. Намі было прададзена шэсць домаўладанняў. Цяпер налічваецца чатыры пустыя дамы, якія перададзены на наш баланс. На адзін з іх ёсць пакупнік. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2018 года № 357 «Аб пустых і струхнелых дамах» спрашчае продаж дамоў, што дазволіць хутчэй добраўпарадкаваць населеныя пункты. Прадаём і зямельныя ўчасткі, цяпер без аўкцыёну. Адзін сёлета рэалізаваны, і ўжо маем дзве заявы на пакупку ўчасткаў пад будаўніцтва новых дамоў.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *