Пра рэальнае і ўніверсальнае ў дызайне Стоўбцаў

Соцыум

У Стоўбцах праведзены маніторынг даступнасці двух аб’ектаў – паліклінікі і фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Калі трапіць туды не склала праблемы нават чалавеку на інваліднай калясцы, то ўнутры будынкаў узнікла пэўная бездапаможнасць. Як вырашыць гэтую задачу з улікам крытэрыяў даступнасці і эканамічных магчымасцяў?

Абмеркаванню данай тэмы быў прысвечаны семінар – «Мясцовая павестка: даступны асяродак для г. Стоўбцы», удзел у якім прынялі прадстаўнікі райвыканкама, офіса па правах людзей з інваліднасцю, тэрытарыяльнага цэнтра, раённай арганізацыі інвалідаў, мясцовых устаноў і прадпрыемстваў, памочнік дэпутата парламента. У зале было некалькі архітэктараў, у тым ліку начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Яўген Кандратовіч, на што была звернута прынцыповая ўвага: раней пытаннямі зручнасці гарадской інфраструктуры займаліся многія, ды толькі не спецыялісты ў вобласці архітэктуры. Сёння светапогляд становіцца іншым, шырэйшым: на змену тэрміну «безбар’ернасць» прыйшлі ва ўжытак даступнасць, універсальны дызайн, інклюзіўнае асяроддзе.

– Універсальны дызайн улічвае патрэбы ўсіх людзей, у тым ліку з інваліднасцю, – тлумачыць загадчык кафедры, кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ Наталля Лазоўская. – Аднак стварыць усё і для ўсіх камфортна і зручна выглядае як утопія, таму хутчэй варта казаць пра пэўны максімум зручнасці, які дасягаецца шляхам комплекснага вырашэння праблемы, – дадае спецыяліст.

Першачарговая задача ўніверсальнага дызайну заключаецца ў адэкватных памерах прасторы для выкарыстання, бачнасці важных элементаў і даступнасці да іх карыстальнікаў без дапамогі суправаджальнікаў. Чаму менавіта на гэтым робіцца акцэнт? Можна прывесці колькі заўгодна прыкладаў з гарадскога жыцця, калі пандус ёсць, і вельмі добры, але ён не з’яўляецца бяспечным ці ім увогуле немагчыма карыстацца. Яшчэ адзін нонсэнс заключаецца ў тым, што не заўсёды пандус упісваецца ў грамадскі дызайн, хоць і адпавядае ўсім нарматывам. Зусім не прыклад, а боль душы – некалькі сантыметраў дзвярнога праёма, якіх не хапае, каб заехаць на інваліднай калясцы ў санітарны пакой… І няхай там будзе ўстаноўлена самае зручнае сучаснае абсталяванне, а сэнс работы зводзіцца ў такім выпадку да нуля.

Кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ Наталля Лазоўская знаёміць з прэзентацыяй пра даступнасць асяроддзя

Выступоўцы падкрэслівалі важнасць інфармацыйнай даступнасці, а менавіта дубліраванне інфармацыі ў розных фарматах – візуальным, тактыльным і гукавым.

На семінары падкрэслівалася, што перавагі ўніверсальнага дызайну ацэняць не толькі тыя, хто мае абмежаванні ў здароўі. Ён запатрабаваны таксама пажылымі людзьмі і маламабільнымі групамі насельніцтва. Сярод апошніх можа аказацца кожны з нас, калі будзе рухацца з дзіцячай каляскай або з цяжкай сумкай, калі на тратуары – галалёд, які своечасова не пасыпалі пяском.

Пра прасоўванне прынцыпу інклюзіі ў сферы пасажырскага транспарту расказалі Кірыл Сінюціч і Таццяна Мастыка з РГА «Беларускі саюз транспартнікаў». Яны прааналізавалі, як у буйных гарадах развіваецца дадатковая мера падтрымкі – сацыяльнае таксі.

Пасля тэарэтычнай часткі семінара была практычная. Удзельнікі раздзяліліся на дзве групы і адправіліся па памяшканнях ФАКа (тут, на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра, і праходзіў семінар), а таксама ў паліклініку. Наталля Лазоўская ацэньвала бар’еры на шляху з дапамогай лінейкі і іншых інструментаў, а дырэктар офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі – коламі сваёй каляскі, на сабе.

У цэлым адзначаны канструктыўны падыход да вырашэння пытанняў даступнасці, наяўнасць візуальнай інфармацыі, аднак працаваць ёсць над чым. І тут важна развянчаць стэрэатып: маўляў, калі людзей з інваліднасцю на вуліцах не бачна, то і вырашаць іх праблемы не трэба.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *