Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь наведала Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат

Соцыум

У мінулую пятніцу міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч наведала Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

Па выніках 2018 года калектыў гэтай сацыяльнай установы прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду на лепшую пастаноўку работы па абслугоўванні, забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў пражывання пенсіянераў і інвалідаў працы і аховы працы супрацоўнікаў, таму менавіта Стаўбцоўскаму раёну выпаў гонар прымаць удзельнікаў рэспубліканскай нарады.

У святочнай атмасферы прайшла цырымонія адкрыцця алеі Памяці аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, створанай у Год малой радзімы і да 75-гадовага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чырвоную стужку перарэзалі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Алег Семянчук, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Колясень.

Дырэктар Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч, павітаўшы высокіх гасцей, запрасіла на інтэрактыўную пляцоўку, створаную творчымі калектывамі Стаўбцоўскага раёна і Польшчы (заслужаны духавы аркестр «Віціны» і  духавы аркестр з г. Лобез, ансамбль мажарэтак «Феерыя», узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў,  народны вакальны  ансамбль «Дольніца» Горкаўскага дома культуры і        вакальны ансамбль Старасвержанскага цэнтра культуры). Прысутныя наведалі арганізаваныя падворкі ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Жацерава», прадэгусціравалі прадукцыю Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы  камбінат».

Момант урачыстай сустрэчы міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірыны Касцевіч

Падчас экскурсіі па тэрыторыі дома-інтэрната Ірына Анатольеўна азнаёмілася з умовамі пражывання, арганізацыяй вольнага часу, лячэння і рэабілітацыі ветэранаў. Удзельнікі семінара агледзелі выставу вырабаў ручной работы жыхароў дома-інтэрната і Цэнтра народнай творчасці, якую прэзентавалі Марына Халецкая і Ала Янская.

У пачатку пасяджэння старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Колясень прывітаў усіх удзельнікаў і пазнаёміў з асноўнымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч праінфармавала аб асноўных напрамках дзейнасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама аб апошніх змяненнях у дзеючым заканадаўстве. «Колькасць людзей пажылога ўзросту як і працягласць жыцця павялічваецца, таму прафесія сацыяльнага работніка будзе запатрабавана на рынку працы яшчэ працяглы час. Сёння неабходна выпрацаваць шляхі эканамічнага развіцця краіны і вызначыць напрамкі дзейнасці на 2021-2025 гады»,– адзначыла міністр.

На рэспубліканскае пасяджэнне з кіраўнікамі стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання былі запрошаны намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, загадчык аддзела развіцця інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання Навукова-даследчага інстытута працы Наталля Мількота (па выніках 2018 года Наталля Вацлаваўна прызнана лепшым навукоўцам краіны, атрымлівае прэзідэнцкую стыпендыю), намеснік старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў па Мінскай вобласці Алена Шуст, дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксандр Старцаў, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, старшыня дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Свет без межаў» Таццяна Паеўская, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў.

У сваім дакладзе намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак паведаміў: «У рэспубліцы налічваецца 81 дом-інтэрнат, дзе пражываюць 19 тысяч чалавек. Сістэма стацыянарных устаноў уяўляе сабой дзейнасць дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый на 327 ложка-месцаў (пяць камерцыйных на 134 ложка-месцы і пяць некамерцыйных устаноў на 193 ложка-месцы). Галоўнае дасягненне ў нашай галіне – увядзенне нумароў павышанай камфортнасці (у 2018 годзе ў такіх умовах пражывалі 63 чалавекі). Па рэспубліцы налічваецца 50 псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў, сярэдні ўзрост пражываючых  – 55 гадоў, гэта людзі з першай і другой групай інваліднасці. З 2010 года колькасць дзяцей-інвалідаў скарачаецца, на даны момант функцыянуюць дзевяць дамоў-інтэрнатаў для 593 дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 789 маладых інвалідаў». Напрыканцы свайго выступлення Аляксандр Аляксеевіч нагадаў аб тым, што напярэдадні 75-гадовага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і тым, хто ў ёй пацярпеў.

Ірына Касцевіч і Дзяніс Колясень, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама

Разледжаны шэраг пытанняў, якія тычыліся тэмы сустрэчы: аб навукова-метадычным суправаджэнні дзейнасці стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання; аб сучасных тэндэнцыях развіцця псіхіятрычнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь; аб міжнародным вопыце дэінстытуалізацыі асоб, якія пакутуюць ад псіхічных немачаў, і магчымасці яго прымянення ў Беларусі; аб пераходзе на нарматыўны метад бюджэтнага планавання расходаў стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Свой вопыт работы  па ўдасканаленні стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання прэзентавалі прадстаўнікі Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей.

Падчас нарады прааналізаваны асноўныя напрамкі дзейнасці, пазначаны перспектывы развіцця стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і, галоўнае, удзельнікі з розных рэгіёнаў нашай краіны змаглі абмяняцца вопытам работы, падзяліцца дасягненнямі і напрацоўкамі ў сферы сацыяльнага абслугоўвання.

Напрыканцы сустрэчы міністр уручыла дзяржаўныя ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Дырэктар Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Валянціна Атрушкевіч атрымала грамату, каштоўны падарунак (тэлевізар) і сертыфікат на суму 400 рублёў ад  Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Ірына Касцевіч узнагароджвае дырэктара Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната Валянціну Атрушкевіч

Ідзе час, змяняюцца насельнікі дома-інтэрната, нязменным застаецца адно – шчырасць і дабрыня чалавечай душы, клопат і ўпэўненасць у тым, што чалавек – гэта галоўная каштоўнасць.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *