Спаборніцтвы за медалі

Важное Спорт

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Зноў рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы стаў пляцоўкай для правядзення першынства Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы, у якім прынялі ўдзел юныя спартсмены Стаўбцоўскага раёна.

Спаборніцтвы суправаджаліся насычанай праграмай: бег на дыстанцыі 400 м, 800 м, 1500 м, 3000 м, скачкі і штурханне ядра, кіданне дзіды і т. п. Сярод юнакоў і дзяўчат 2004–2005 гг. н. прызёрамі сталі: Валерыя Манік (другое месца ў скачках у даўжыню, трэцяе месца ў бегу на дыстанцыю  400 м), Таццяна Дзяргай (другое месца ў кіданні дзіды, трэцяе месца ў штурханні ядра),  Аляксандр Адамцэвіч (першае месца ў скачках у даўжыню, другое месца ў трайным скачку), Данііл Сінкевіч (трэцяе месца ў бегу на дыстацыю 3000 м). Каманда Стаўбцоўскага раёна ў эстафеце 4х200 м заняла прызавое трэцяе месца сярод 15 камандаў.

Сярод юнакоў і дзяўчат 2002–2003 гг. н. прызёрамі сталі: Дзмітрый Маліноўскі (першае месца ў бегу з перашкодамі на дыстацыю 2000 м), Аляксандр Казлоў (першае месца ў бегу на дыстацыю 3000 м), Іван Каваленка (трэцяе месца ў трайным скачку, першае месца ў скачках у даўжыню), Арцём Лагуцін (другое і трэцяе месцы ў бегу на дыстацыі 1500 м і 800 м адпаведна), Святлана Навіцкая (трэцяе месца ў бегу на дыстанцыю 100 м з перашкодамі і ў штурханні ядра) і Кірыл Васілеўскі (трэцяе месца ў штурханні ядра).

Каманда юнакоў Стаўбцоўшчыны ў эстафеце 4х200 м заняла прызавое трэцяе месца, а каманднае – чацвёртае сярод 16 камандаў.

Пад кіраўніцтвам трэнера Стаўбцоўскай дзіцяча-юнацкай школы агульнай фізічнай падрыхтоўкі Анатолія Турчановіча  падрастае дастойная змена юных спартсменаў, якія ўжо дэманструюць выдатныя поспехі на спаборніцтвах такога ўзроўню.

Нашы шчырыя віншаванні і пажаданні новых стартаў і бліскучых перамог усім спартсменам!

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *