Дзяніс Колясень правёў выязны прыём грамадзян у Дзераўнянскім сельвыканкаме

Афіцыйна Главное

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень правёў выязны прыём грамадзян у Дзераўнянскім сельвыканкаме.

Каб знайсці дзяржаўную падтрымку і дапамогу ў вырашэнні надзённых пытанняў, да Дзяніса Сяргеевіча звярнуліся дзевяць чалавек. Больш пытанняў было калектыўных, якія тычыліся  дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, камунальна-бытавой тэматыкі і добраўпарадкавання, грамадзянска-прававых адносін, дзейнасці органаў выканаўчай  улады.

Людміла Навіцкая разам са сваімі аднавяскоўцамі  (в. Янкавічы) звярнулася да старшыні райвыканкама з пытаннем наконт таго, што вада не даходзіць да канца в. Янкавічы, і жыхары, якія жывуць за магазінам, не маюць вады.

Дзяніс Сяргеевіч, выслухаўшы заяўнікаў, выказаў меркаванне аб стварэнні кааператыва і правядзенні вады да кожнага дома: «Неабходна  вызначыцца: мяняць водаправод  ці падымаць воданапорную башню». Дзяніс Колясень даў даручэнні старшыні Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяне Босай правесці сход па вырашэнні пытання наконт стварэння кааператыва, дырэктару РУП «Стаўбцоўскае АКС» Дзмітрыю Мурыну трэба праверыць цэласнасць водаправода для далейшых дзеянняў па вырашэнні гэтага пытання.

Людміла Станіславаўна звярнулася таксама з просьбай разгледзець пытанне аб пераразмеркаванні жыхароў в. Янкавічы да Дзераўнянскай бальніцы, так як наведванне Налібацкага ФАПа выклікае некаторыя цяжкасці. Гэтае пытанне пераадрасавана для разгляду галоўнаму ўрачу УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ».

Галіна Янкоўская з аг. Дзераўная звярнулася да кіраўніка раёна па пытанні рамонту жылля – дома № 9 па вуліцы Меліяратараў. Распавяла аб тым, што ў будынку раскалоўся падмурак і пачала адслойвацца тынкоўка. Зварот Галіны Казіміраўны будзе вырашаны ў бліжэйшы час. Дырэктар РУП «Стаўбцоўскае АКС» Дзмітрый Мурын нагадаў, што існуе служба 115, створаная з мэтай прадастаўлення жыхарам раёна магчымасці адпраўкі запытаў паўсядзённага бягучага характару, якія тычацца жыллёва-камунальных паслуг і гарадской гаспадаркі. Пасля мадэрацыі запыты грамадзян накіроўваюцца гарадскім службам для выканання.

Ірына Кучарэнка з в. Ніўнае прыйшла на прыём грамадзян разам з жыльцамі чатырохкватэрнага дома. Пытанне, якое іх цікавіла, тычылася ўладкавання сетак каналізацыі, а менавіта – адпампоўвання каналізацыйнай сістэмы. У гэтай вёсцы па вуліцы Новай сем дамоў такога тыпу. Пасля абмеркавання на сельскім сходзе было вырашана заключыць дагаворы на выкананне такой паслугі РУП «Стаўбцоўскае АКС» з усімі жыльцамі домаўладанняў. Згаданая паслуга будзе разлічвацца па ўстаноўленых нормах – 6 рублёў за 1 м3. Тым, хто звярнуўся, была дадзена кансультацыя наконт таго, што ў сакавіку ўступілі ў сілу новыя правілы, якія спрашчаюць налічэнне і аплату жыллёва-камунальных паслуг, змяняюць парадак пераразліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў выпадку прымянення арганізацыяй ЖКГ не таго тарыфу, а таксама працэдуру зняцця паказанняў прыбораў індывідуальнага ўліку, падключаных да сістэмы дыстанцыйнага кантролю. Змены ў пастановы ад 17 кастрычніка 2011 г. № 1394 і ад 12 чэрвеня 2014 г. № 571 прыняты ўрадам 9 лютага 2019 г. (пастанова № 81).

Па выніках прыёму спецыялістам службаў Стаўбцоўскага раёна дадзены розныя даручэнні, у тым ліку дапамагчы з капітальным рамонтам жылля, навядзеннем парадку на зямлі і добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

На прыёме працавала Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *