Па вопыт – да стаўбцоўскіх медыкаў

Важное Медыцына

На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бальніцы прайшло значнае мерапрыемства рэспубліканскага маштабу. Стаўбцоўскую бальніцу выбралі пляцоўкай для правядзення другой рэспубліканскай практычнай школы, на парадак дня якой была вынесена тэма дзейнасці ўрача агульнай практыкі. Арганізатарам выязнога практычнага семінара стала Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Як адзначыла ў сваім выступленні прадстаўнік міністэрства Таццяна Мігаль, стаўбцоўская бальніца знаходзіцца на добрым рахунку ў рэспубліцы, заўважаны новыя кірункі работы, рэалізацыя інавацыйных праектаў, таму не выпадкова было прынята рашэнне правесці тут рэспубліканскую практычную канферэнцыю.

У рабоце выязнога семінара прынялі ўдзел спецыялісты галіновага міністэрства, галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама, дацэнты, асістэнты кафедраў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прадстаўнікі медуніверсітэтаў, урачы-практыкі медыцынскіх устаноў краіны.

Дацэнты кафедраў выступілі з дакладамі-прэзентацыямі па актуальных пытаннях медыцынскай практыкі.

З электроннай рэгістратурай удзельнікаў канферэнцыі знаёміць старшы медрэгістратар Софія Цвірка

Затым па тэме рэспубліканскай практычнай школы ўрача агульнай практыкі прэзентацыю зрабіла галоўны ўрач стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. Прэзентацыя акрэсліла ўсе моманты арганізацыі ў комплексе дзейнасці аддзялення агульнай урачэбнай практыкі – укамплектаванасць кадрамі, навучанне персаналу, арганізацыя рабочага месца з аснашчэннем неабходным медабсталяваннем, інфарматызацыя з магчымасцю задзейнічання тэлекансультацый, практыка вядзення электронных картак, выпіскі электроннага рэцэпта і т. п. Вялікую цікавасць выклікала рэалізацыя праекта «Беражлівая паліклініка» і яго эфектыўнасць са скарачэннем часу знаходжання пацыента ў паліклініцы, дазвону ў рэгістратуру, часу чакання прыёму ўрачом у чарзе. Стаўбцоўская бальніца ў ліку першых у рэспубліцы пачала апрабацыю гэтага праекта і паспяхова спраўляецца. Прыём пацыентаў у паліклініцы вядзецца з электронным забеспячэннем – камп’ютары прыйшлі на службу ў рэгістратуру, ва ўсе службовыя кабінеты. Бальніца завязана ў праграмную сетку, урач агульнай практыкі можа, пры неабходнасці, атрымаць у лічбавым фармаце матэрыялы ўльтрагукавых і іншых даследаванняў, мае «пад рукою» ў памяці камп’ютара і іншую неабходную інфармацыю.

У райпаліклініцы працавалі тры інтэрактыўныя пляцоўкі. Старшы медрэгістратар Софія Цвірка сустрэла ўдзельнікаў практычнай канферэнцыі на першым паверсе і падрабязна расказала аб інфарматызацыі рэгістратуры.

Прэзентацыю праводзіць раённы тэрапеўт, загадчык аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Аляксей Рачко

Раённы тэрапеўт, загадчык аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Аляксей Рачко зрабіў відэапрэзентацыю, якая ў поўнай меры паказала, у чым заключаецца інавацыйная практыка ў арганізацыі работы ўрача агульнай практыкі ў сучасных умовах. На гэтай інтэрактыўнай пляцоўцы працавала ўрач агульнай практыкі гарадскога ўчастка № 2 Кацярына Лобка са сваёй камандай – памочнікам урача Хрысцінай Барсук і ўчастковай медыцынскай сястрой Аксанай Даніленка. Кожны з 13 урачоў агульнай практыкі працуе ў камандзе з памочнікам урача, участковай медсястрой.

Інтэрактыўная пляцоўка на чацвёртым паверсе паліклінікі прадаставіла магчымасць загадчыку арганізацыйна-метадычнага кабінета Аляксею Бондараву і загадчыцы аддзела статыстыкі Наталлі Рык данесці да ўдзельнікаў практычнай школы, як арганізавана работа гэтых аддзелаў, як іх дзейнасць упісваецца ў агульную практыку работы ў камандзе і прыносіць свае добрыя плады.

З інтарэсам успрымалася практыка работы стаўбцоўскіх медыкаў

Акрамя інфармацыі на экране, шырока быў прадстаўлены іншы матэрыял па вядзенні дакументацыі на арганізаванай выставе.

Вопыт стаўбцоўскай раённай бальніцы як першапраходца ў новых кірунках работы высока ацэнены. Удзельнікі канферэнцыі маглі азнаёміцца таксама з матэрыяльнай базай райбальніцы, дзе ўсюды праведзены рамонты, выканана належнае аснашчэнне ўрачэбных кабінетаў. Сучасныя сродкі – мабільныя тэлефоны са шматлікімі функцыямі – дазволілі ўдзельнікам канферэнцыі ўсю інфармацыю, якая іх зацікавіла, сфатаграфаваць. Медыцынскі персанал бальніцы з гатоўнасцю адказаў на ўсе пытанні, падзяліўся вопытам работы, які быў вельмі запатрабаваны калегамі з іншых абласцей Беларусі, таму што галіновае міністэрства патрабуе прывесці работу ўсіх медыцынскіх устаноў краіны да сучасных стандартаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *