Велапрабег па Коласавых мясцінах

Соцыум

Пад шчодрым майскім сонцам і пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшоў VII раённы велапрабег. І, акрамя таго, кожны з яго ўдзельнікаў – з улікам багацця майскіх святаў – меў магчымасць прысвяціць свой асабісты рэкорд таму святу ці падзеі, якая яму бліжэй.

Гэты велапрабег працягласцю 45 км пралёг фактычна па Коласавых мясцінах: Стоўбцы – Новы Свержань – Вішнявец – Мікалаеўшчына – Смольня – Стоўбцы. Усе згаданыя населеныя пункты склаліся ў адзіны маршрут у 2017 годзе, калі Стаўбцоўшчына была месцам правядзення абласнога велапрабегу. Для ўдзельнікаў жа раённага велапрабегу гэты маршрут быў новым, неапрабаваным.

На маршруце – удзельнікі VІІ раённага велапрабегу

– Стараемся не паўтарацца і штогод прапаноўваць па роднай Стаўбцоўшчыне іншыя маршруты, па якіх раней разам не ездзілі. Але рабіць гэта з кожным годам становіцца ўсё складаней, – выказвае сваё хваляванне галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская.

Вышэй названы аддзел райвыканкама разам з раённым камітэтам БРСМ і фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам Стаўбцоўскага раёна традыцыйна выступаюць у ліку арганізатараў велапрабегу. Стартавалі на веласіпедах і начальнік аддзела Дзмітрый Слесарчык, і намеснік дырэктара цэнтра Мікалай Мазур. Мікалай Мікалаевіч не прапусціў ніводнага з сямі раённых велапрабегаў.

Увогуле колькасць удзельнікаў сёлетняга велападарожжа перасягнула 60 чалавек. Сярод іх нямала навічкоў. Гэта супрацоўнікі Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь на чале з яго кіраўніком Мікалаем Белавусавым, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прадпрыемства «Фрэор Рэфрыгерайшн», Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі, Навасвержанскага лесазавода. Да іх далучыліся і нашы землякі, пакарыцелі сусветна вядомых горных вяршынь Анастасія і Канстанцін Лапко. І, да слова сказаць, сям’я Лапко была не адзінай сямейнай парай на маршруце. Варта назваць Юлію і Генадзя Сей, Алёну і Аляксандра Супруноў, Алёну і Вячаслава Цярлецкіх і іншых.

Экскурсія ў музеі ў Смольні

І навічкі, і бывалыя турысты даехалі да фінішу без траўмаў. Перад стартам іх праінструкціравалі, а ў дарозе суправаджалі не толькі супрацоўнікі хуткай дапамогі і ДАІ, але і, так бы мовіць, насычаная экскурсійная праграма.

Так, у Новым Свержані (тут удзельнікаў велапрабегу прывіталі касцёльным звонам) пазнаёміла з гісторыяй былога мястэчка настаўніца гісторыі Таццяна Богдан. У Вішняўцы іх таксама чакаў цікавы аповед ад настаўніцы гісторыі Наталлі Грышан, знаёмства з тутэйшай славутасцю – храмам Ражджаства Іаана Прадцечы і, безумоўна, прывал на возеры ААТ «Вішнявецкі-агра». Дзякуючы дырэкцыі сельгаставарыства і кіраўніцтву сельвыканкама турысты змаглі падмацавацца, адпачыць у цяньку. Падчас фотаздымкаў сапраўдным артаб’ектам стала карзіна расцвіўшага бэзу – такая вялікая, пахкая і прыгожая.

У Мікалаеўшчыне правяла экскурсію кіраўнік школьнага музея Ірына Паплаўская. Яна запрасіла на сустрэчу паэта Алеся Камароўскага, і гэта была цудоўная нагода паслухаць вершы, пажартаваць. Непаўторныя ўражанні пакінулі знаёмства з мемарыяльнай сядзібай Якуба Коласа ў Смольні, расказ экскурсавода Сямёна Корсіка.

Пажаданні ад удзельнікаў VІІ раённага велапрабегу – рухацца далей, часцей. Адкрытым застаецца галоўнае пытанне: куды праляжа восьмы турыстычны маршрут?! Падказвайце цікавыя мясціны Стаўбцоўшчыны, дзяліцеся сваімі ідэямі!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *