2 чэрвеня — Дзень меліяратара. Працуюць для паляпшэння земляў

Важное Сельская гаспадарка

Напрыканцы мінулага года ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібакі» правяло рэканструкцыю буйнога аб’екта – меліярацыйнай сістэмы «Гавязнянка» ў ААТ «Вішнявецкі-агра». І сёння меліяратары не пакідаюць гэты і іншыя аб’екты без увагі – праводзяць на іх сезонныя, культуртэхнічныя, работы.

Машыніст бульдозера Вітольд Босы

– Што датычыць планаў на 2019 год, то яны звязаны з рамонтна-эксплуатацыйнымі работамі на меліярацыйных сістэмах, з паляпшэннем земляў, – гаворыць дырэктар аграбудфірмы Іван Лобач. – Сродкі паступаюць з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У першым квартале папрацавалі нядрэнна – выручка вырасла ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам на 128 працэнтаў.

На адгрузцы дроў (злева направа): Андрэй Бурдзілоўскі, Генадзь Навіцкі (майстар), Арцём Якоўчык, Часлаў Адамцэвіч

Традыцыйна меліяратары не стаяць убаку і падчас пасяўной кампаніі. Сёлета дзве адзінкі тэхнікі прадпрыемства былі задзейнічаны на пасяўной у ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Аказана дапамога такім сельгаспрадпрыемствам, як «Профі-Аграцэнтр», «Шашкі», «Дзераўное»,  Стаўбцоўскаму райаграсэрвісу – у вывазе даламітавай мукі. Работнікі аграбудфірмы прымаюць актыўны ўдзел у ачыстцы фермаў ад гною, будаўнічых і іншых адходаў. Паўсюдна запатрабавана іх цяжкая тэхніка – бульдозеры, экскаватары і інш. Неабходна яе абнаўленне. Дзякуючы майстравітым механізатарам шмат якой тэхніцы нададзена другое жыццё.

Трактарыст-машыніст Дзмітрый Чэмка

…Ля меліярацыйнага канала на аб’екце «Гавязнянка» знаёмімся з вопытным машыністам бульдозера Вітольдам Босым. Гэты год для яго юбілейны, 60-ы, і дзве трэці з пражытага – яго стаж работы ў меліярацыі. Працуе не толькі з веданнем справы, а і з энтузіязмам, пры неабходнасці – і ў выхадны дзень.

Побач з Вітольдам Босым увіхаецца трактарыст-машыніст Дзмітрый Чэмка, гатовы выканаць любую аперацыю па падрыхтоўцы плошчаў пад сяўбу. Невыпадкова, што ён разам з Аляксандрам Дошчачкам і Леанідам Касцючыкам былі задзейнічаны на пасяўной. У асенне-зімні перыяд Дзмітрый Мар’янавіч падчапляе да трактара прычэп і дапамагае гаспадаркам з вывазкай арганікі. «Без яго і касьба не абыходзіцца», – дадае Іван Лобач і тлумачыць, што за Дзмітрыем Чэмкам замацаваны яшчэ адзін трактар. Дырэктар звяртае ўвагу на ветэрана працы Вікенція Чарняўскага: «Вікенцій Станіслававіч выручае нас трэці сезон. Будучы на пенсіі, на сваім экскаватары шчыруе на аб’ектах».

Вадзіцель 1-га класа Віктар Лысы

У вагончыку схіліўся над тэхнічнай дакументацыяй прараб Генадзь Гарохавік, таксама ветэран працы. Праектныя рашэнні не заўсёды адпавядаюць умовам на мясцовасці, таму прафесіяналізм Генадзя Вацлававіча, яго здольнасць знайсці граматнае рашэнне асабліва запатрабаваныя. «Да пытанняў меліярацыі цяпер комплексны, больш разумны падыход», – канстатуе ветэран працы. На прадпрыемстве ён многім дапамог стаць спецыялістамі ў сваёй галіне.

«Вадзіцельская прафесія ў нас не такая прыкметная, але без вадзіцеляў-прафесіяналаў не абысціся», – прадстаўляе дырэктар Віктара Лысага, які  даставіў людзей на аб’ект. Настрой у вадзіцеля 1-га класа – бадзёры. «Цяжкасцяў я не баюся», – кажа Віктар Бярнардавіч (яму, як і Вітольду Босаму, споўнілася сёлета 60, яны – аднакласнікі). Яго аўтамабіль «Газель» заўсёды на хаду.

Думка прараба Генадзя Гарохавіка (злева) аўтарытэтная і для дырэктара Івана Лобача

З меліярацыйнай сістэмы «Гавязнянка» накіроўваемся  на поўнач раёна, дзе вядзецца комплексны рамонт меліярацыйнай сістэмы «Сула». Каля вёскі Зуберава працуюць дзве брыгады,  задзейнічана сем адзінак тэхнікі. «Сула» мае маштаб, таму большасць работнікаў аддалены адзін ад аднаго на кіламетры. Яны знаходзяцца на сувязі, каб аператыўна вырашаць узнікшыя пытанні.

На аб’екце працуюць машыністы экскаватараў Іосіф Чарняўскі і Юрый Качановіч.

Машыніст экскаватара Юрый Качановіч

– Чышчу канал і фармірую адкос, а яшчэ – кармлю бусла, – жартуе Юрый Качановіч. І праўда, бусел ходзіць следам, спраўна выбірае з глею ўюноў. За дзень вопытны машыніст прачысціць як мінімум 250 м канала. За жартамі хаваецца манатонная нялёгкая работа, якая прымушае добра папацець таго, хто ў кабіне. І Юрый Качановіч, і яго калега Іосіф Чарняўскі заўсёды ў ліку перадавікоў вытворчасці.

На добраўпарадкаванні каналаў працуюць трактарысты-машыністы (злева направа) Віктар Копач, Сяргей Азарка і Уладзімір Якоўчык

Праехаўшы  па полі, даязджаем да трактарыста-машыніста Уладзіміра Якоўчыка, які грузіць кусты і карчы. На вывазцы працуе моладзь – Сяргей Азарка і Віктар Копач. Віктар з задавальненнем працуе на трактары, хоць і мае дыплом тэхніка-механіка. Рабочыя Андрэй Бурдзілоўскі, Часлаў Адамцэвіч, Андрэй Клешч і Арцём Якоўчык увіхаюцца на адгрузцы дроў, што нарыхтаваны пры валцы дрэў уздоўж меліярацыйных каналаў. Кіруе работамі майстар Генадзь Навіцкі.

Кожны з меліяратараў – гэта шчыры працаўнік, які не баіцца цяжкасцяў і імкнецца рабіць усё, каб родная зямля квітнела, прыносіла дабрабыт і поспех.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *